Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Вячорка: “У выпадку блякаваньня плошчы ня будзе ніякіх штурмаў і прарываў”


Алесь Дашчынскі, Менск Аргкамітэт у сьвяткаваньні Дня Волі правёў прэсавую канфэрэнцыю ў Менску на сядзібе БНФ. На ёй акрэсьлілі фармат акцыі 25 сакавіка.

Арганізатары падавалі заяўку на правядзеньне акцыі 25 сакавіка з 12-й да 17-й гадзіны на Кастрычніцкай плошчы. Улады дазволілі толькі шэсьце па ходніках ад пляцоўкі каля Акадэміі Навук да парку Дружбы народаў.

Аднак арганізатары заявілі, што прыйдуць на Кастрычніцкую плошчу, бо менавіта туды заклікалі людзей.

Старшыня аргкамітэту, лідэр Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што ў выпадку блякаваньня плошчы ня будзе ніякіх штурмаў і прарываў:

“Мы выказваем перакананьне, што паколькі татальнай забароны акцыі няма, то ўлады ня будуць чыніць перашкодаў збору людзей на той плошчы, якая напоўненая вялікай сымболікай, вялікім эмацыйным патэнцыялам, пачынаючы зь мінулага году. Што яны ня будуць чыніць гвалт, разганяць, перакрываць і наагул нейкім чынам дэманстраваць агрэсію на гэтай плошчы. І натуральна, што яны ня будуць, калі ўзьнікне такая патрэба, чыніць перашкоды арганізаванаму пераходу людзей з Кастрычніцкай плошчы да дазволенага імі месца збору”.

Удзел у акцыі возьмуць ня толькі палітыкі, але й музыкі, барды, паэты.



Аляксандар Мілінкевіч заявіў, што шэсьце й мітынг будуць выключна мірныя і сьвяточныя:

“Улада, акрамя такога жывёльнага страху, нічога не дэманструе. Бо тое, што яна робіць з моладзьдзю па ўсёй краіне, з “Маладым фронтам”, Дзянісам Дзянісавым, зь іншымі, паказвае, што яна абсалютна ня ўпэўненая. Яна спрабуе запалохаць, а атрымліваецца наадварот. Таму ідзем без пачуцьця страху, з пачуцьцём годнасьці.

І заклікаю ўсіх, нягледзячы на тое, што забаронена нам на плошчы Кастрычніцкай, якая будзе мець назву Каліноўскага, заклікаем усіх прыйсьці на гэтае сьвята, не баяцца, бо і мы прыйдзем на плошчу Кастрычніцкую, каб гаварыць з нашымі людзьмі. Ад колькасьці людзей залежыць таксама дэманстрацыя таго, як многа людзей хочуць пераменаў і як многа людзей не пагаджаюцца з тымі выбарамі, якія адбыліся роўна год таму”.

Прадстаўнік БСДП (Грамада) Алесь Стральцоў нагадаў, што 25 сакавіка спаўняецца год, як быў затрыманы, а потым асуджаны кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Казулін.

Паводле спадара Стральцова, улады далі магчымасьць правесьці вельмі моцную і негвалтоўную акцыю:

“Калі нам ня будуць чыніць ніякіх перашкодаў, мы спакойна зможам правесьці ўсё наша мерапрыемства. Калі хочуць, каб мы людзей з плошчы Каліноўскага правялі да Акадэміі Навук, калі ласка. Мы пройдзем, ня будзем перакрываць праезную частку, спакойна пройдзем. Гэта будзе таксама прыгожа. І міліцыя няхай нас ахоўвае, калі хоча. У нас ёсьць агульнае меркаваньне сяброў аргкамітэту, што ні ў якім разе, канечне, канчатковым пунктам нашага маршруту Бангалор ня будзе. Пасьля таго, што было заваявана год таму”.

Падчас уручэньня рашэньня Менгарвыканкаму начальнік гарадзкой міліцыі генэрал Куляшоў і пракурор Менску спадар Кулік вусна папярэдзілі заяўнікаў акцыі. Паводле спадара Вячоркі, гэткія дзеяньні прадстаўнікоў уладаў мелі пагрозьлівы, а не партнэрскі характар. Заяўнікі адмовіліся падпісацца пад міліцэйскім папярэджаньнем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG