Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: вялізныя чэргі на польскія цягнікі


Міхал Карневіч, Горадня З Горадні ў Кузьніцу-Беластоцкую за суткі накіроўваюцца чатыры цягнікі. На кожны цягнік прадаюць 220 квіткоў — у той час як ахвочых паехаць у Польшчу ў некалькі разоў больш. Чэргі каля касаў цяпер стаяць амаль цэлыя суткі.

Да касаў не падступіцца — такая сытуацыя на чыгуначным вакзале ўжо тыдзень. Некаторыя голасна абураюцца:

Спадар: “Што гэта за зьдзек, чаму не даюць квіткоў, што за дыскрымінацыя?.. Яны ж перапрадаюць квіткі...”

Спадарыня: “Будзем тут бамжаваць. Я за дзьвесьце кілямэтраў зь Лідзкага раёну прыехала а шостай раніцы — і не купіла квітка. Лезьлі да аднаго акна ў пяць радоў”.

Спадар: “Толькі сёньня прыйшлі міліцыянты дзяжурыць тут, а так... Што тут толькі ні робіцца...”

Высьветлілася, што зранку ля касаў стаяць у чарзе на цягнік, якія паедзе а 14-й гадзіне, а не на той, якія павінен адпраўляцца ў 9.50 — на яго квіткі даўно прадалі. Да нашай размовы далучаюцца спадары:

Спадар: “Прадаюць колькасьць квіткоў суадносна колькасьці месцаў у цягніку”.

Карэспандэнт: “А ахвочых нашмат больш?”

Спадар: “Вядома. У два разы. Альбо ў два з паловай”.

Карэспандэнт: “І гэта на ўсе рэйсы так?”

Спадар: “Так, і раніцай, і днём, і ўвечары”.

Пытаюся ў людзей: ці ведаюць яны прычыны такіх чэргаў?

Спадар: “Пусьцілі б дзьве счэпкі вагонаў, і ўсе людзі б ехалі, як раней, у стары добры час. А так у адной счэпцы людзям няма дзе сесьці”.

Другі спадар: “Палякі не зацікаўленыя даваць другой счэпкі, паколькі ў Кузьніцы праводзіцца рэканструкцыя чыгункі й яны зрабілі агароджу пад адну счэпку — так сказаць, буфэрную зону, а на другую счэпку яна не разьлічаная”.

Ёсьць і іншыя прычыны гэткай колькасьці пасажыраў на чыгуначным вакзале. З 1 сакавіка скараціўся выезд гандляроў на аўтамабільным пераходзе ў Брузгах, і шмат людзей пачалі езьдзіць цягніком.

А яшчэ шмат хто з дробных гандляроў езьдзіць у Польшчу з двума пашпартамі: у адным стаіць віза, а ў другі ставяць пячаткі, а з 1 красавіка гэтак уехаць у Польшчу будзе немагчыма.

Начальнік вакзалу Аляксандар Сакалоўскі кажа, што перамовы з польскім бокам пра павелічэньне колькасьці цягнікоў вядуць — але гэта на ўзроўні Менску, а ў яго няма ніякіх паўнамоўцтваў. А што да таго, каб дадаць яшчэ хоць адну счэпку ў цягнік, спадар Сакалоўскі кажа:

Сакалоўскі: “Мы ня можам дадаць дзьве счэпкі вагонаў, паколькі польскі бок не гатовы іх прыняць. У Кузьніцы вядзецца рэканструкцыя пасадачных плятформаў і даўжыня дзьвюх счэпак не зьмяшчаецца ў цяперашнія плятформы”.

Як распавялі мне ў чарзе, з польскага боку даюць білеты без абмежаваньняў і цягнікі прыходзяць у Горадню перапоўненыя.

Пытаюся яшчэ ў спадарыняў у чарзе: чаму так пільна трэба паехаць у Польшчу?

Спадарыня: “Харчы купім, бо таньней”.

Іншая: “Пральны парашок”.

Спадарыня: “Лекі ў іх таньнейшыя. Дык у іх жа ўсё таньнейшае, чым у нас”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG