Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Канстанцін Сіманаў: “Любы транзыт празь Беларусь – рызыкоўны”


Ганна Соўсь, Менск Генэральны дырэктар расейскага Фонду нацыянальнай энэргетычнай бясьпекі Канстанцін Сіманаў пракамэнтаваў для Радыё Свабода ўказ прэзыдэнта Беларусі аб увядзеньні падатку на зямлю, па якой ідуць нафта- і газаправоды.

Сіманаў: “Мы чарговым разам бачым, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка займаецца дробным шкодніцтвам у адрас Расеі. Прыдумляе ізноў нейкія падатковыя схемы, каб ізноў нейкія грошы атрымаць. На жаль, мы бачым, што чалавек ніяк ня можа супакоіцца. Хаця, па вялікім рахунку, яму пайшлі на аграмадныя саступкі – і па кошце на газ, і па доўгатэрміновым кантракце і па кошце на “Белтрансгаз”, які, на мой погляд, выглядае даволі завышаным. Тым ня менш, ён лічыць, што яго пакрыўдзілі, і ўвесь час спрабуе ўшчыкнуць. На мой погляд, гэта павінна прывесьці да таго, што і тыя пагадненьні, якія былі падпісаныя, трэба будзе пераглядаць.

Дзіўна, але нават пасьля таго, як зь цяжкасьцю дамовіліся, знайшлі нейкі кампраміс і фінансавы, і ў тым ліку палітычны, Лукашэнка адразу ж пачаў даваць інтэрвію заходнім сродкам масавай інфармацыі пра тое, што ён зрабіў шмат памылак, што ён думаю пра Расею як пра сябра, а яна паставіла яму падножку, што трэба ісьці на Захад і гэтак далей. На жаль, мы бачым такую палітычную эквілібрыстыку. Падаецца, Беларусь – палітычны партнэр Расеі, але спрабуе ўвесь час нечым напалохаць. І спрабуе такімі дробязямі, сумы там невялікія падатковых збораў... Але зразумела, што гэта такі дэманстратыўны крок , каб і тут папсаваць з цяжкасьцю дасягнутыя дамовы, прымушаючы Расею чарговым разам прыдумляць нейкія сымэтрычныя адказы.

Мы ведаем, што ў Лукашэнкі дастаткова шмат прыхільнікаў унутры Расеі, у тым ліку, і ў палітычнай эліце. І ня ўсе так адназначна настроеныя, што трэба эканамічна ўзьдзейнічаць на Лукашэнку, прынамсі, ня ўтрымліваць яго коштам паставак танных энэргарэсурсаў. Гэта дакладна. Ня ўсе ў Расеі з гэтым пунктам гледжаньня згодныя, многія яго гатовыя падтрымаць, але пасьля таго, як прэзыдэнт Лукашэнка ніяк ня здольны да нейкага адэкватнага эканамічнага дыялёгу, дык нічога іншага не застаецца, як задумацца пра тое, што тыя дамоўленасьці, якія былі дасягнутыя, можа, надышоў час іх перагледзіць з улікам таго, што новых падаткаў ня будзе ўводзіцца, а гэта робіцца ў нас на вачах.

Я думаю, што гэта будзе нейкім урокам і Эўразьвязу, таму што мы бачым, што любы транзыт празь Беларусь – рызыкоўны, палітычна рызыкоўны. Я думаю, што ніхто там ня верыць, што Лукашэнка прачнуўся і стаў такім эўрапейцам, заходнікам і лібэралам. Таму трэба шукаць нейкія альтэрнатывы транзыту праз Беларусь. А гэта -- транзыт праз Балтыку. Але мы бачым, што ў Эўропе гэтая ідэя не заўсёды знаходзіць разуменьне”.
XS
SM
MD
LG