Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Юры Карачун. 27.12.1931, Менск — 11.6.1997, Менск.


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Ужо даўно я жыву зусім недалёка ад Нацыянальнага мастацкага музэю, дзе ён дваццаць гадоў працаваў дырэктарам. Безьліч разоў мы сустракаліся на вуліцы ці ў музэйных залях, віталіся й казалі адзін адному колькі ветлівых слоў: я дзякаваў за запрашэньне на чарговы вэрнісаж, ён сустракаў нешта маё ў друку. За ягонай магутнай постацьцю адчувалася найперш не фізычная дужасьць, а інтэлект і духоўная глыбіня, што натхнялі на больш блізкае знаёмства. Ды, як гэта, на жаль, нярэдка бывае, калі я нарэшце вырашыў зьдзейсьніць даўні намер, падпісаў Юрыю Карачуну кнігу і сабраўся днямі зайсьці да яго, ён зірнуў на мяне з газэтнай калёнкі ў жалобнай рамцы.

З таго дня прамінула дзесяцігодзьдзе, якое толькі дапамагло ацаніць маштаб постаці Карачуна.

Ён, бясспрэчна, быў чалавекам дзяржаўнага мысьленьня, у якім талент мастака шчасьліва спалучаліся з бліскучымі арганізацыйнымі здольнасьцямі. Досыць сказаць, што найперш дзякуючы ягонай настойлівасьці пачалася рэальная рэстаўрацыя Мірскага замка, які ня толькі зрабіўся філіялам Мастацкага музэю, але і быў улучаны ў Сусьветны сьпіс спадчыны ЮНЕСКА. Калі ўжо зайшла гаворка пра філіялы, дык яны зьявіліся ў музэя таксама ў Раўбічах, Гальшанах, Магілеве, Менску (Дом Ваньковічаў, сядзіба ў Лошыцы...).

За часамі дырэктарства Карачуна ў ягоным музэі, апарача безьлічы іншых, адбыліся выставы мастакоў нашага замежжа — Міколы Пашкевіча, Галіны Дакальскай, Галіны Русак... У прадмове да каталёгу спадарыні Галіны Русак Юры Аляксандравіч пісаў: “Надзвычай цікавым і каштоўным уяўляецца тое, што разьвіцьцё творчасьці нашых землякоў за мяжою ішло натуральна, яны ня зьведалі ўціску таталітарных умоваў і традыцыяў...”.

Такіх поглядаў, як і шмат чаго іншага, Карчуну не даравалі — і сёй-той з калегаў, і чынавенства ад культуры, што пачало правіць баль пасьля 1994-га.

У апошнія гады яму, зь ягонай беларусацэнтрычнасьцю даводзілася няпроста. Спадар Юры ратаваўся ўласнай творчасьцю, працуючы ў кніжнай графіцы, ствараючы сонечныя акварэльныя краявіды, у якія хочацца хоць на колькі хвілінаў патрапіць, каб пазбыцца шэрага цяжару будзённасьці.

Яго няма, але ягоныя ідэі працягваюць урэчаісьнівацца. Пры канцы 2006-га прыняў наведнікаў новы будынак Мастацкага музэю з творамі беларускіх мастакоў. Вось толькі наўрад ці Юры Карачун, ініцыятар будаўніцтва гэтак званай “другой чаргі”, пагадзіўся б з тым, што раней, чамусьці якраз у старых, добра знаёмых менчукам мурах, пасьля рамонту сэрвільна адчынілі экспазыцыю расейскага мастацтва.
XS
SM
MD
LG