Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варшаўскія беларусы перадалі свой зварот у 31 амбасаду


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Сёньня група беларусаў, якія жывуць у Варшаве, скончыла акцыю перадачы звароту ў амбасады краінаў Эўразьвязу і іншых найбольш уплывовых дзяржаваў сьвету. У дакумэнце -- заклік падтрымаць ініцыятыву польскага Сэнату і таксама зьвярнуцца да беларускіх уладаў з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня палітвязьняў.

Цягам некалькіх тыдняў ініцыятары акцыі наведалі 31 амбасаду – 27 амбасадаў краінаў Эўразьвязу, а таксама Расеі, Канады, ЗША і Украіны. Віталь Чэравач, які браў удзел ў перадачы зваротаў, кажа, што амаль паўсюль замежныя дыпляматы сутстрэлі беларусаў ветліва і ўважліва іх выслухалі.

Так было і ў амбасадзе Люксэмбургу, якое беларусы наведалі адным з апошніх.

Чаравач: “Добра разумеюць усё. Амбасадар выслухаў мяне, паціснуў руку, пажадаў посьпехаў беларусам і сказаў, што абавязкова паспрыяе, каб зварот быў перададзены адпаведным уладам ягонай краіны”

Аўтар ідэі правядзеньня акцыі Ігар Крыштон, задаволены яе вынікамі.

Крыштон: “Прадстаўнікі краінаў Эўразьвязу добра арыентуюцца ў беларускіх падзеях. Яны прымаюць нашы звароты і абяцаюць перадаць прэзыдэнтам і парлямэнтам сваіх краінаў”.

У звароце ўтрымліваецца таксама заклік не пачынаць перамоваў з беларускімі ўладамі, пакуль тыя ня пойдуць на саступкі і не вызваляць палітвязьняў, перадусім Аляксандра Казуліна.
XS
SM
MD
LG