Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Заплаціш за кватэру, тэлефон, лекі – і што застанецца ад пэнсіі?..”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Адна з галоўных тэмаў нашай пошты апошніх дзён – лёс прыватнага бізнэсу ў Беларусі. Нядаўні прэзыдэнцкі ўказ, згодна зь якім індывідуальным прадпрымальнікам забаронена выкарыстоўваць наёмных работнікаў (апроч самых блізкіх сваякоў), выклікаў вялікі розгалас у грамадстве. На мінулым тыдні прадпрымальніцкія арганізацыі нават зрабілі зрабілі спробу выказаць свой публічны пратэст супраць дзеяньняў улады.

Наш даўні слухач і аўтар Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну ў сваім лісьце на Свабоду разважае наконт прычынаў і магчымых наступстваў гэтай зьявы. Слухач піша:

“Людзі правільна адказваюць вашым карэспандэнтам – указ гэты недарэчны. Але – толькі на першы погляд. Насамрэч жа ён – прадуманы, далёкадасяжны, разумны, а для будучыні Беларусі – моцна небясьпечны. Яго сапраўдная мэта – любым чынам стрымаць разьвіцьцё і рост нацыянальнага сярэдняга класу – апоры і касьцяка любой сучаснай дзяржавы. (Гэта ведаў яшчэ Арыстоцель). Стрымаць эканамічнае разьвіцьцё Беларусі. Не дапусьціць узьнікненьня эканамічна значнага капіталу, не кантраляванага рэжымам. Прадухіліць магчымы ўплыў капіталу на прыняцьцё палітычных рашэньняў – то бок на ўладу. Не дапусьціць канкурэнцыі за ўладу з боку “чужых”. Прадухіліць магчымае фінансавае падсілкаваньне нацыянальных сілаў такім капіталам. Гэта – толькі самае значнае. Зь яго ж вынікаюць другасныя наступствы. Указ цудоўна дапасуецца да той хвалі “пілсудчыны”, якую прадукуе рэжым і якая, бы карова языком, зьлізвае рэшткі беларушчыны ў Беларусі”,--

-- гэтак лічыць настаўнік Мікалай Бусел зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну.

Сумнеўна, спадар Бусел, што ўлада ставіць за мэту стрымаць эканамічнае разьвіцьцё дзяржавы. Індывідуальныя прадпрымальнікі не зьнішчаюцца, як клас: ім пакінута магчымасьць стаць юрыдычнымі асобамі і працягваць свой бізнэс (хоць і ў не такіх умовах, як раней). Улада разьлічвае, што такім чынам здолее зьбіраць значна больш падаткаў, бо тыя прадпрымальнікі, якія стануць юрыдычнымі асобамі, ня маюць магчымасьці карыстацца спрошчанай сістэмай падаткаабкладаньня. Нейкая частка прыватных гандляроў, магчыма, і ня здолее прыстасавацца да новых умоў. Але пра татальнае зьнішчэньне размова наўрад ці ідзе. Згадайце, колькі індывідуальных прадпрымальнікаў прыйшлі пратэставаць супраць указу тыдзень таму на дазволены мітынг на менскай плошчы Бангалор? Некалькі соцень, у той час як колькасьць іх у Беларусі вымяраецца некалькімі сотнямі тысяч асобаў.

Тэма наступнага ліста – жыцьцё беларускіх пэнсіянэраў. Размову гэту пачала тры тыдні таму настаўніца-пэнсіянэрка Ірына Зарэчная з Барысава. Яна распавяла пра свой цяперашні побыт і параўнала яго з побытам так званых “намэнклятурных” пэнсіянэраў – былых чыноўнікаў, вайскоўцаў і міліцыянтаў. Ліст выклікаў заўважны розгалас сярод нашых слухачоў. Сёньня размову на гэту тэму працягвае наш слухач Іван Казінец зь Першамайскага раёну Менску. Ён піша:

“Як пражыць на невялікую пэнсію, якая складае крыху больш за сто даляраў? Заплаціш за камунальныя паслугі, тэлефон, лекі – і што застанецца? Жыві – і ні ў чым сабе не адмаўляй? Старым людзям з кожным годам жыць усё цяжэй. А паглядзіш тэлебачаньне – дык у нас ледзь не рай зямны, жывем лепш за ўсіх суседзяў. Што праўда, рай ёсьць, але не ва ўсіх. “Наменклятурныя” пэнсіянеры атрымліваюць пэнсію, утрая большую, чым мы, былыя настаўнікі, урачы, рабочыя. Вось яны сабе і стварылі рай. У нас процьма непатрэбных чыноўнікаў. Прычым, іх колькасьць увесь час павялічваецца. Паглядзіце, што робіцца ў выканкамах. Зроблены эўрарамонты, куплены кампутарныя сістэмы. А час прыёму наведнікаў яны абмежавалі. Калі ні прыйдзеш – гарбату п’юць, ім няма калі нас прымаць. Зачыняюцца ў кабінэтах ды гуляюць у кампутарныя гульні. А ў Першамайскім выканкаме зачыняюцца нават паверхі падчас такіх нібыта тэхнічных перапынкаў. А потым адмыслова ствараюць чэргі, каб паказаць сваю высокую загружанасьць. На працу бяруць адзін аднаго па пратэкцыі. Кругом – кумаўство. Незразумела, куды глядзяць Камітэт дзяржкантролю і лідэры апазыцыі. Камітэт навучыўся добра трымаць справаздачу перад прэзыдэнтам, а сам ператвараецца ў армію чыноўнікаў, каб мець высокую зарплату, карыстацца спэцпаліклінікамі і санаторыямі і ў 50 год выходзіць на пэнсію”,– напісаў у сваім лісьце на Свабоду Іван Казінец зь Першамайскага раёну Менску.

Не зусім зразумелы Ваш, спадар Казінец, папрок на адрас лідэраў апазыцыі. Якія ў іх магчымасьці ўплываць на пэнсійнае заканадаўства альбо на працу чыноўнікаў? Хіба што выдаць чарговую адозву альбо напісаць ліст на імя старшыні Камітэту дзяржкантролю Зянона Ломаця? Колькі ўжо напісана падобных адозваў і лістоў... Апазыцыя, праўда, можа паклікаць пэнсіянэраў на плошчу, каб адстойваць права на справядлівую сацыяльную абарону. Але ці будуць пачутыя і падтрыманыя такія заклікі?

Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” – агляд лістоў на Свабоду. З вамі Валянцін Жданко.

Наш слухач Уладзімір Мысьляшчы з пасёлка Фаніпаль Менскага раёну штогод уважліва сочыць за лыжнымі спаборніцтвамі з удзелам прэзыдэнта. І вельмі ўражаны тым, што каманда прэзыдэнта ў гэтых стартах заўсёды перамагае. Слухач піша:

“Усе беларускія каналы тэлебачаньня і радыё паведамілі важную навіну: каманда Лукашэнкі на апошняй лыжні ў Раўбічах у эстафетнай гонцы заняла першае месца; служба бясьпекі прэзыдэнта – другое. На трэцім была каманда “Дынама”. Многія людзі ўспрынялі навіну з усьмешкай. Тым больш, што тое ж адбываецца і на хакейнай пляцоўцы, дзе каманда прэзыдэнта заўсёды перамагае. І на лыжаролерных трасах – таксама. Гісторыя спорту сьведчыць, што нават сярод выдатных спартоўцаў-прафэсіяналаў няма такіх, хто ва ўзросьце больш як пяцьдзесят гадоў перамагаў бы 25-30-гадовых (няхай нават гэта і спартоўцы-аматары з “Дынама”). Можа, маюць рацыю тыя, хто прапануе паслаць гэту каманду, якая заўсёды і ўсіх перамагае, на Алімпіяду? Бо ад нашых прафэсіяналаў алімпійскіх мэдалёў не дачакаешся”,-- напісаў у сваім лісьце на Свабоду Уладзімір Мысьляшчы з пасёлка Фаніпаль Менскага раёну.

Будзьма справядлівымі, спадар Мысьляшчы: здараюцца ў каманды прэзыдэнта і паразы. Напрыклад, на нядаўнім хакейным турніры ў Менску, калі перамогу атрымала зборная расейскага “Газпрому”. Але гэта, так бы мовіць, “міжнародныя спаборніцтвы”. А на ўнутраных турнірах, сапраўды, роўных гэтай камандзе не знаходзіцца. Ня думаю, аднак, што сам капітан чэмпіёнаў пераацэньвае сапраўдную вартасьць і значэньне гэтых нязьменных перамог. Не пасылаюць жа гэту каманду на чэмпіянаты сьвету і алімпіяды? Значыць, адэкватна ацэньваюць свае сапраўдныя магчымасьці.

Аўтар наступнага ліста – Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну. Ён піша:

“Даўно мінуў час, калі сялянам не давалі пашпартоў, каб трымаць іх у савецкім калгасным прыгоне. Цяпер у калгасах нібыта плацяць, але працаваць за сярэднестатыстычны калгасны заробак ня надта хочацца. Бо – які той заробак? І на каго працаваць? Усім вядома (чуў нават па БТ), што не крадзе ў нас той, хто фізычна ня можа ці розумам адсталы. Крадзеж ва ўмовах калгаса – таксама своеасаблівая праца. Калі кінуць яе, адмовіцца ад сваёй сядзібы і хатняй гаспадаркі – то як пражывеш на вёсцы?”,-- напісаў Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну.

Наўрад ці выпадае лічыць працай крадзеж чужой маёмасьці, спадар Бельскі. Колькі б высілкаў гэты занятак ні вымагаў, ён ніколі ня будзе лічыцца маральным і вартым грамадскай павагі. Біблейскі запавет “Не ўкрадзі!” перагляду не падлягае. Іншая рэч, што пры ацэнцы цяперашніх вясковых нораваў не абысьціся без уліку савецкіх гістарычных асаблівасьцяў. Сёньняшняя калгасная маёмасьць ня куплена ў бацькоў і дзядоў цяперашніх калгасьнікаў, а гвалтоўным чынам адабрана, сканфіскавана, (па сутнасьці – украдзена). Ці не таму дробны крадзеж з калгаснага поля або фэрмы вялікім грахом сёньня на вёсцы ня лічыцца? Людзі мяркуюць, што забіраюць тое, што было ў свой час украдзена ў іх сем’яў.

І на заканчэньне – ліст, які даслаў нам Уладзіслаў Хархардзін зь Верхнядзьвінску. Ён піша:

“Цікава, што на Радыё Свабода тэлефануюць ня толькі яго прыхільнікі, але і тыя, хто лічыць Свабоду варожай. Сярод іх бываюць зайздросьлівыя, азлобленыя, пакрыўджаныя былыя савецкія людзі, якіх у народзе называюць “саўкамі”. Да таго ж, яны замбаваныя афіцыйнай прапагандай. Але, нягледзячы на гэта, таксама слухаюць Радыё Свабода. А гэта пакідае надзею, што з праціўнікаў яны ператворацца ў прыхільнікаў: як казалі ў часы індустрыялізацыі – “перакуюцца”. Бо яны шукаюць і хочуць ведаць праўду. А праўда – гэта зброя буйнога калібру. І калі яны яе адшукаюць, то зробяцца самымі зацікаўленымі сябрамі Свабоды”,-- гэтак лічыць Уладзіслаў Хархардзін зь Верхнядзьвінску.
XS
SM
MD
LG