Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пляц Волі пашырыцца за лік знесенага сабора і дамоў, якія не маюць архітэктурнай каштоўнасці”


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Пра што пісалі беларускія газэты 21 сакавіка ў розныя гады.

“Беларуская крыніца”

На гэтым тыдні 1927 году выданьне друкуе наступнае: “У мястэчку Дзявецішках, Ашмянскага пав., ёсьць рэстаўрацыя і водачны склад, трыманыя інвалідамі: першая — Тарашкевічам Язэпам, другі — Манчынскім. Але гэтыя інваліды з вышэй сказанымі “інстытуцыямі” супольнага нічога ня маюць, бо ад сябе выдалі жыдкам Мінцам Цалку і Пінку, каторыя там і гаспадараць, робячы добрыя інтарэсы. Як ведама, у дні сьвяточныя і тарговыя водкі прадаваць ня можна. Праўда, “паньствовэй” на 45% моцы не даюць, даюць толькі гатунковую, бяручы вялікія грошы, бо цаны на бутэльцы няма”.

“Звязда”

Галоўны архітэктар Менску Г.Якушка піша ў 1937 годзе аб рэканструкцыі гораду: “Пляц Волі пашырыцца за лік знесенага сабора і дамоў, якія не маюць архітэктурнай каштоўнасці… {Для пашырэння гэтага пляца будзе знесена таксама частка дамоў на Школьнай вуліцы.} Пляц Волі будзе складацца з 2 пляцаў — верхняга і ніжняга. Апошні будзе размяшчацца ў новым парку культуры і адпачынку, будаўніцтва якога намечана на месцы існуючай забудоўлі на Нямізе і ўздоўж ракі Свіслач да Весялоўкі і Драздоў. Верхні пляц з ніжнім будзе злучацца прыгожа аформленай вялікай параднай лесніцай”.

“Имя”

Газэта ў 1997 годзе піша пра плян аб’яднаньня Расеі й Беларусі ад Партыі аматараў піва: “Ён прадугледжвае стварэньне фэдэратыўнай дзяржавы, у склад якой Расея ўвойдзе на правах аўтаноміі. Сталіца будучай беларуска-расейскай дзяржавы павінна разьмясьціцца на аднолькавай адлегласьці як ад Менску, так і ад Масквы; такім умовам… адпавядае горад Шклоў, які… можа быць перайменаваны ў Стеклов… Галоўным патрабаваньнем да кандыдатаў у прэзыдэнты аб’яднанай дзяржавы будзе веданьне ўсіх 134 моваў народаў, што насяляюць Расейскую Фэдэрацыю, плюс беларускай”.
XS
SM
MD
LG