Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Пажарнікаў” ў Гомелі стала на аднаго меней


Алег Грузьдзіловіч, Менск Сёньня ў гомельскім сьледчым ізалятары будзе абвешчаны прысуд 18-ці чальцам так званай групоўкі “пажарнікаў”, якая адзначалася асаблівай жорсткасьцю. Ня ўсе падазраваныя патрапілі пад суд: днямі адзін пайшоў з жыцьця ў сьледчым ізалятары пры загадкавых абставінах.

“Пажарнікі” дзейнічалі ў Гомелі з пачатку 1990-ых. Былыя аматары пажарнага спорту пачалі рабаваць, махляваць з кватэрамі, наладзілі ў абласным цэнтры бізнэс прастытутак. Найбольшы прыбытак даваў рэкет: грошы вымагалі з гандляроў рынкаў і прадпрымальнікаў, хто адмаўляўся плаціць – зьбівалі ці дзейнічалі нават больш жорстка. Намесьнік пракурора Гомельскай вобласьці Ўладзімер Сарасека распавёў пра тое, як “пажарнікі” абышліся з маладой прдпрымальніцай, якая адмовілася плаціць незаконны “падатак”.

“Калі яна аднойчы стаяла на аўтобусным прыпынку, ёй пляснулі ў твар кіслатой. Жанчына атрымала цяжкае пашкоджаньне твару, амаль згубіла зрок. Былі зафіксаваныя два такія выпадкі”.

Паводле зьвестак з пракуратуры, ёсьць на рахунку “пажарнікаў” і некалькі забойстваў. Пракурор Эдуард Мядзьведзеў, які падтрымлівае абвінавачаньне ў судзе, запрасіў для некаторых абвінавачаных 20 гадоў зьняволеньня.

Між тым вядома, што большасьць абвінавачаных сваёй віны цалкам не прызнае. Некаторыя кажуць пра ціск з боку сьледзтва. На волі размовы пра неаб’ектыўнасьць сьледчых у справе “пажарнікаў” павялічыліся пасьля загадкавай сьмерці ў сьледчым ізалятары Сяргея Салаўёва. Днямі ён перарэзаў вены на руках. Нібыта гэта адбылося ў камэры, ноччу. У пракуратуры мне нагадалі, што Салаўёва на суд прывезьлі з бабруйскай калёніі, дзе ён ужо адбываў немалы тэрмін – 12 гадоў. Паводле новага абвінавачаньня, яму пагражала яшчэ 20 гадоў за забойства і таму, мяркуюць супрацоўнікі пракуратуры, у зьняволенага маглі здаць нэрвы.

А ці не магло здарыцца, што Сяргею Салаўёву дапамаглі пайсьці з жыцьця сукамэрнікі ці нехта яшчэ? Віталь Прыстромаў з прэсавай службы абласной міліцыі ў гэтую вэрсію ня верыць.

“Гэта сьмешна. Вы верыце ў тое, што чалавек з арганізаванай групоўкі ня быў для сукамэрнікаў аўтарытэтам? Пакуль разглядаецца асноўная вэрсія – самагубства. Але магчымы і іншыя. Праўда, нам пра іх ня кажуць”.

Працэс над “пажарнікамі”, які завершыцца сёньня, другі па ліку, але не апошні. Летась былі асуджаныя 32 чалавекі, гэтым разам судзяць 18, а на падыходзе яшчэ некалькі працэсаў над сябрамі групоўкі, кажуць у абласной міліцыі. У тым ліку чакаюць свайго суду лідэры “пажарнікаў” Бярэзін – яго летась затрымалі ў Маскве, і Ганчароў, якога літаральна днямі арыштавалі ў Гомелі. Паводле дадзеных міліцыі, у групоўку “пажарнікаў” усяго ўваходзіла каля 100 чалавек, зь іх пакуль затрымалі і прыцягнулі да адказнасьці не на шмат болей за палову.

На Гомельшчыне апошнім часам выкрылі шмат бандыцкіх груповак, якія ўзьніклі яшчэ ў 1990-я гады: акрамя “пажарнікаў” у абласным цэнтры гэтак жа доўга дзейнічала “марозаўская” групоўка, некалькі груповак дзейнічалі ў Мазыры і Рэчыцы. У іх склад ўваходзілі былыя супрацоўнікі сілавых структур, што і стала асноўнай прычынай трываласьці гэтых злачынных фармаваньняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG