Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У мінкульце праекту перабудовы кляштару бэрнардынаў ня бачылі


Ігар Карней, Менск Узьвядзеньне ў Менску 5-зоркавага гатэлю, будаўніцтва якога ўжо сёлета пачнуць арабскія інвэстары, будзе на асабістым кантролі Аляксандра Лукашэнкі. Як пацьвердзіў старшыня Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, эскізны праект прайшоў стадыю ўзгадненьня, а ў якасьці пляцоўкі абраны раён Кастрычніцкай плошчы.

Гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі першым пачаў біць трывогу адносна плянаў менскіх уладаў узьвесьці элітны гатэль на падмурках самага старога архітэктурнага помніка Менску:

“Вялікую трывогу выклікае: а) таемнасьць гэтых праектаў; б) адсутнасьць конкурсаў, абмеркаваньняў такіх важных, глябальных праектаў. Калі ня ведае нават архітэктурная грамадзкасьць пра існаваньне падобных плянаў, усё гэта выклікае падазрэньні. Закрытасьць інфармацыі асабіста мяне і тых, хто займаецца праблемамі захаваньня, зьберажэньня менскае даўніны, помнікаў нацыянальнай спадчыны, насьцярожвае. Перадусім, нараджае вялікую занепакоенасьць спроба ўзьвесьці аб’ект на месцы кляштару бэрнардынаў – самага каштоўнага архітэктурнага ансамблю Менску, што захаваўся ад пачатку ХVII стагодзьдзя і да нашых дзён. Яму неўзабаве было б 400 гадоў”.

Намесьнік начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі сьцьвярджае: праектная дакумэнтацыя на камэрцыйнае засваеньне шэрагу кварталаў Старога гораду ў ведамства не паступала. Таму, маўляў, рабіць адназначныя высновы заўчасна:

“Мы спачатку разьбярэмся з гэтым праектам, а потым будзем даваць інфармацыю. Таму што ня ў кляштары ХVII стагодзьдзя гэта робіцца, як той-сёй кажа. Акрамя ХVII стагодзьдзя, там ёсьць і ХІХ, і пачатак ХХ-га. Таму ўсе камэнтары – пасьля таго, як мы ўбачым праект. Дарэчы, якраз цяпер мы разьбіраемся: ёсьць праект ці няма, чаму ён зьявіўся ў друку, калі яго нават у міністэрстве яшчэ ня бачылі? І тады ўжо будзем гаварыць больш грунтоўна”.

Я папрасіў спадара Чарняўскага акрэсьліць, на ягонае разуменьне, мяжу Кастрычніцкай плошчы. Менавіта ў яе раёне плянуецца ўзьвесьці гатэль:

“Раён Кастрычніцкай плошчы? Зь іншых кропак гэта толькі ў сэнсе візуальнага ўспрыняцьця можна разглядаць. І ўвогуле гэта досыць аб’ёмнае паняцьце. Інтэрнацыянальная, якая выходзіць на вуліцу Купалы, таксама раён Кастрычніцкай плошчы. Чаму там ня можа быць разьмешчаны гатэль? Іншая справа – якога памеру, якога аб’ёму, колькі паверхаў. Вось гэта пытаньне”.

Карней: “Але праз два гады новы гатэль мусіць прыняць першых жыльцоў”.

“У нас жа ведаеце, як хутка праектуецца. Так званую “Эўропу” (падкрэсьліваю – “так званую”) вы ж бачыце, за колькі гадоў збудавалі! Ёсьць новыя тэхналёгіі, новыя канструкцыі, цяпер іначай усё будуецца. Гэта ж усё залежыць ад будаўнічай тэхнікі, інвэстыцый і падраднай арганізацыі”.

Грамадзкасьць ужо некалькі гадоў безвынікова спрабуе зьвярнуць увагу на актыўнасьць разбурэньня архітэктурна-культурнай спадчыны ў гістарычным цэнтры Менску. Аднак адкрытыя лісты, адрасаваныя як ў дзяржаўныя інстанцыі, так і асабіста Аляксандру Лукашэнку, плёну ня мелі. Гаворыць адзін з падпісантаў, былы інспэктар у ахове гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму архітэктар Уладзімер Папруга:

“Калі мы пісалі ліст Лукашэнку, увесь аб’ём парушэньняў заняў 8 старонак. Ніякай рэакцыі на гэты ліст не было, мы так і не дачакаліся адказу. А пытаньні былі вельмі канкрэтныя, не было прыметнікаў, гаворка ішла ня “добра” гэта ці “дрэнна”, а – адпавядае нарматыўна-прававой базе тое ці іншае рашэньне, ці не адпавядае? Абвясьцілі конкурс разьвіцьця гістарычнага цэнтру, але гэта абсалютная імітацыя, 150 мільёнаў рублёў дзяржаўных сродкаў папросту змарнаваныя. Конкурс быў арганізаваны з аграмаднымі парушэньнямі, практычна гэта жывыя пытаньні да пракуратуры, якая працягвае глядзець на ўсе праблемы ня ў фас, а ў профіль. Але рана ці позна надыдзе час, калі на ўсе пытаньні трэба будзе даваць адказы”.

Як заявіў Міхаіл Паўлаў, гатэль, які плянуецца ўзьвесьці з дапамогай Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, мае быць “вельмі высокага ўзроўню”. “Такіх гатэляў у Менску няма”, – рэзюмаваў Паўлаў.



У Старым горадзе аддаюць перавагу “бульдозэрнай рэстаўрацыі” – коўш агаліў старыя муры ў двары мужчынскага бэрнардынскага кляштару.



Прылеглая да касьцёлу Сьвятога Язэпа тэрыторыя ператвораная ў будаўнічую пляцоўку.
XS
SM
MD
LG