Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Права на аборт і засьцярогі наконт гендэрных тэстаў


Тацяна Поклад, Прага Польскае агенцтва навінаў "PAP" паведамляе, што грамадзянка Польшчы выйграла пазоў супраць польскай дзяржавы ў Страсбурскім судзе па правах чалавека. Польшча павінна выплаціць Аліцыі Тысёнц 52 тысячы даляраў за тое, што ёй не дазволілі зрабіць аборт.

Сем гадоў таму некалькі дактароў-акулістаў папярэдзілі жанчыну, што яна можа цалкам страціць зрок, калі ня зробіць аборт і наважыцца нараджаць сваё трэцяе дзіця. Аднак усе гэтыя дактары адмовіліся падпісаць ёй накіраваньне на спыненьне цяжарнасьці. Адмовіўся рабіць аборт і доктар-гінеколяг, да якога кабета прыйшла пазьней паводле сваёй ініцыятывы.

Аліцыя Тысёнц нарадзіла сваё трэцяе дзіця – цяпер яна носіць акуляры з тоўстымі лінзамі, пры дапамозе якіх яна можа бачыць толькі контуры прадметаў, якія знаходзяцца на адлегласьці мэтра. Разам з трыма дзецьмі яна жыве на пэнсію ў 140 эўра, якую атрымлівае як інвалід і маці-адзіночка.

Кампэнсацыя ў памеры 52 тысячы даляраў ёй прысуджаная за маральную і фізычную шкоду і парушэньне яе грамадзянскіх правоў. Кабета кажа, што усьцешаная найбольш тым, што судовыя спрэчкі скончыліся, бо справа цягнулася вельмі доўга.

У Польшчы пад уплывам каталіцкай царквы ў 1993 годзе быў прыняты самы жорсткі ў Эўропе закон адносна абортаў. Паводле польскіх законаў, жанчына мае права на аборт толькі ў выпадку пагрозы жыцьцю ў выніку цяжарнасьці, пры моцных паталёгіях, альбо ў тым выпадку, калі цяжарнасьць сталася вынікам згвалтаваньня. Паводле статыстыкі, у Польшчы штогод – ня болей як 200 легальных абортаў.

Небясьпечны гендэрны тэст

Нямецкая Frankfurter Rundschau сёньня піша пра магчымую небясьпеку ў выніку новага адкрыцьця навукоўцаў – гендэрнага тэсту, які дакладна вызначае пол эмбрыёна ўжо з восьмага тыдня цяжарнасьці. Такі тэст прапаноўвае фармацэўтычная кампанія Plasmagen. Паводле яе прадстаўніка, новым тэстам карыстаюцца ўжо 500 гінеколягаў Нямеччыны.

Нямецкае таварыства генэтыкі чалавека (GfH) бачыць у раньнім вызначэньні пола дзіцяці сур’ёзную этычную праблему, бо магчымыя злоўжываньні. Існуе небясьпека, што ў дазволены для аборту тэрмін да 12 тыдняў цяжарнасьці жанчыны будуць часьцей пазбаўляцца дзіцяці, пол якога не адпавядае жаданьням бацькоў: бо ў такіх краінах, як Індыя альбо Кітай, у пытаньні аб тым, якога полу эмбрыён – размова ідзе не аб ружовых альбо блакітных пялюшках, а аб жыцьці і сьмерці. Але і ў самой Нямеччыне генэтыкі засьцерагаюцца, што “гендэрны тэст” можа прывесьці да “крымінальнай і крывавай сэлекцыі паводле полу”.

Прадстаўнік фармацэўтычнай кампаніі, якая прапаноўвае тэст, заяўляе, што пакуль гендэрны тэст выкарыстоўваецца толькі дактарамі-спэцыялістамі і што вынік можна паведамляць толькі пасьля 12-га тыдня цяжарнасьці, калі аборт нельга рабіць і пол будучага дзіцяці ня будзе прычынай аборту. Але гэта справа, якая не рэгулюецца заканадаўствам. Таму Фэдэральны саюз нямецкіх гінэколягаў раіць сваім калегам “з этычных прычынаў” адмовіцца ад гендэрнага тэсту. Раней, у 1990 годзе Нямецкае таварыства генэтыкі чалавека (GfH) заявіла, што “ня лічыць магчымым выкарыстоўваць дыягностыку напярэдадні родаў для выбару пола дзіцяці”. Але магчыма, што будучыя бацькі зацікавяцца магчымасьцю ведаць пол дзіцяці і абіраць, нараджаць яго альбо зрабіць аборт, піша сёньняшняя Frankfurter Rundschau.
XS
SM
MD
LG