Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“І каня могуць выбраць прэзыдэнтам”


Ганна Соўсь, Менск 13 гадоў таму Беларусь стала прэзыдэнцкай рэспублікай. Як уводзіўся інстытут прэзыдэнцтва, хто быў яго ініцыятарам і прыхільнікам, а хто выступаў супраць, як гэтыя людзі цяпер ацэньваюць тыя падзеі?

Калі распрацоўваўся праект Канстытуцыі незалежнай Беларусі самыя гарачыя дыскусіі вяліся адносна таго, якой жа павінна быць Беларусь: -- прэзыдэнцкай ці парлямэнцкай, як на гэтым настойвала апазыцыя. Згадвае дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ад апазыцыі БНФ Юрась Беленькі.

“У апазыцыі Беларускага Народнага фронту абсалютная яснасьць была ў тым, што нельга ўводзіць інстытут прэзыдэнцтва ў Беларусі. Зянон Пазьняк, характарызуючы сытуацыю ў беларускім грамадзтве, прыводзіў такі вобраз, зьвязаны з гісторыяй, што “І каня могуць выбраць прэзыдэнтам”. Ён некалькі разоў так і казаў: “Шаноўныя дэпутаты, вы ж паглядзіце на сытуацыю ў грамадзтве. Людзі будуць галасаваць за папуліста. Гэта можа мець потым вельмі трагічныя наступствы”. Трэба сказаць, што так потым і атрымалася...”

Адным з тых, хто актыўна выступаў за ўвядзеньне інстытуту прэзыдэнцтва быў дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Анатоль Лябедзька, тады адзін з паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі. Гэтага ж перакананьня ён трымаецца і цяпер, знаходзячыся ў апазыцыі.

“Стаўленьне да інстытуту прэзыдэнцтва ў мяне пазытыўнае. І ўчора, і нават сёньня. Я не зьяўляюся абсалютным прыхільнікам таго, што нам патрэбная парлямэнцкая форма кіраваньня. Мы глядзім на прызму той сыстэмы, якая ёсьць, але яна не прэзыдэнцкая. Яна аўтарытарна-дыктатарская, і ня мае нічога агульнага з прэзыдэнцтвам. Нават па Канстытуцыі 1994 году, калі б ня быў антыканстытуцыйны пераварот 1996-га, то гэтая сыстэма ўсё ж базавалася на супрацьвагах, на мэханізмах стрымліваньня адной структурай улады іншых”.

У 1994 годзе Анатоль Лябедзька працаваў намесьнікам камісіі ў справах сям’і, моладзі і жанчынаў, і выступаў за невысокі ўзроставы цэнз для прэзыдэнта. Экс-старшыня Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня Мечыслаў Грыб згадвае, што спачатку паводле праекту Канстытуцыі балятавацца на прэзыдэнта можна было, пачынаючы ад 45 гадоў, потым гэтую мяжу зьнізілі да 40 гадоў, і ў рэшце -- да 35 гадоў, што і дало магчымасьць Аляксандру Лукашэнку выставіць сваю кандыдатуру на пасаду кіраўніка дзяржавы. Мечыслаў Грыб у 1994 годзе лічыў увядзеньне інстытуту прэзыдэнцтва неабходным. Цяпер мяркуе крыху інакш.

“Я лічу, што прэзыдэнцтва нам было патрэбна ўводзіць, таму што цяжка і практычна немагчыма было кіраваць гэтым Вярхоўным Саветам, у якім кожны цягнуў гэтую парваную коўдру на сябе. Але мы пасьпяшаліся. На мой погляд, трэба было на прыклад балтыйскіх краінаў першага, а можа, і другога прэзыдэнта абіраць не ўсенародна, а Вярхоўным Саветам, каб крыху ўвайсьці ў стан гэтага прэзыдэнцтва, а потым нешта дапрацаваць, зьмяніць, калі былі б патрэбы, і ўжо ісьці гэтым шляхам”.

Мечыслаў Грыб вяртаецца да падзеяў 13-гадовай даўніны.

“Інстытут прэзыдэнцтва прапаноўвала фракцыя “Беларусь”. Гэта была самая вялікая фракцыя ў Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня. Фракцыя гэта была праўрадавая, і ўзначальваў яе Генадзь Іванавіч Казлоў. Калі ўжо пачалі прымаць усю канстытуцыю, то тады ўзьніклі пытаньні з галасаваньнем і кворумам. Частка дэпутатаў ня вельмі ахвотна ішла галасаваць, і таму Дзьмітры Пятровіч Булахаў, ужо нябожчык, як старшыня камісіі па заканадаўству, прапанаваў працягнуць тэрмін галасаваньня, каб прыцягнуць да гэтага галасаваньня як мага болей дэпутатаў.

Дарэчы, з прапановы менавіта дэпутата Дзьмітрыя Булахава былі прынятыя разам 38 артыкулаў Канстытуцыі, якія тычыліся функцый прэзыдэнта. Прэзыдэнцкая рэспубліка прасоўвалася намэнклятурай пад прэм’ера Кебіча, а выйшла -- пад Лукашэнку, кажа Мечыслаў Грыб.

Сам былы прэм''ер Вячаслаў Кебіч на просьбу Радыё Свабода згадаць пра тыя падзеі адказаў адмовай, патлумачыўшы гэта наступным.

“Я рыхтую да друку сваю кнігу, і цяпер не хачу выдаваць тое, што пішу ў сваёй кнізе ў гэтым пытаньні”.

Дарэчы, і паўнамоцтвы першых кіраўнікоў незалежнай Беларусі -- тагачаснага старшыні ўраду Вячаслава Кебіча і старшыні Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслава Шушкевіча, асабліва апошняга, былі непараўнальна меншыя за тыя, што мае цяпер кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Дэпутатка Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня ад апазыцыі БНФ Галіна Сямдзянава перакананая: у Беларусі не павінна быць інстытуту прэзыдэнцтва.

“У нас няма ня толькі палітыка, але і палітыкаў, якія дасягнуўшы гэтай ўлады, змаглі б застацца дэмакратамі, і такім прэзыдэнтам, які павінен быць увогуле. Улада псуе чалавека, на вялікі жаль. Можа так здарыцца, што нават самы дэмакратычны прадстаўнік нават з апазыцыі, калі ён стане прэзыдэнтам у нашай краіне, то тыя абставіны, якія цяпер існуюць, не дадуць магчымасьці яму рэалізавацца. Я лічу, што інстытут прэзыдэнцтва ў краіне нам яшчэ доўга ня будзе патрэбен. Нам патрэбная парлямэнцкая рэспубліка”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG