Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд адхіліў пазоў да былога міністра


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня Фрунзенскі раённы суд Менску не задаволіў пазоў Валянціны Сьвяцкай. Адказчыкамі былі Беларуская асацыяцыя вэтэранаў cпэцпадразьдзяленьняў Міністэрства ўнутраных справаў “Честь” і кіраўнік асацыяцыі, былы міністар унутраных справаў, былы намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта Юры Сівакоў.

Гонар спэцназаўца

Падставай для пазову стаў артыкул Юр’я Сівакова ў часопісе асацыяцыі “Спецназ”. Разважаючы пра гонар спэцназаўца, генэрал цытаваў Суворава, Пятра І, а найбольш Гітлера. Спадар Сівакоў пісаў, што многія пастуляты кодэксу гонару афіцэра Гітлера будуць цікавыя сёньня й над імі варта задумацца.

Паводле спадарыні Сьвяцкай, гэная публікацыя наносіць ёй маральныя страты як грамадзянцы краіны-партызанкі. Спадарыня Сьвяцкая прасіла суд абараніць яе гонар і годнасьць і кампэнсаваць маральныя страты — спагнаць з адказчыкаў 60 мільёнаў рублёў.

Былы міністар на суд не прыйшоў

Суд палічыў немэтазгодным выклікаць на паседжаньне генэрала Юр’я Сівакова. Інтарэсы асацыяцыі прэзэнтаваў Альберт Таіпаў. Ён папрасіў прабачэньня ў Валянціны Сьвяцкай за прычыненыя маральныя пакуты. Аднак адхіліў усе яе прэтэнзіі, якія, сказаў ён, грунтуюцца на суб’ектыўнай ацэнцы.

На працэсе спадарыня Сьвяцкая згадала шэраг дакумэнтаў, якія забараняюць прапаганду нацысцкай ідэалёгіі ў розных краінах. Сярод іх і даведка, падрыхтаваная былым амбасадарам Беларусі ў Нямеччыне Пятром Садоўскім пры падтрымцы консула Нямеччыны. Спадарыня Сьвяцкая сказала:

“Публікуючы разгорнуты тэкст кодэксу гонару афіцэра вэрмахту, аўтар публікацыі грамадзянін Сівакоў не палічыў за неабходнае выключыць зь велізарнай цытаты ключавы ідэалягічны абзац, дзе гаворыцца пра вернасьць фюрэру. Нямецкае “фюрэр” ёсьць сынонім слову “Гітлер”. І вось адпаведнасьці гэтаму ўзору гонару і вернасьці заклікаюць маладых афіцэраў спэцназу”.

Хто такі фюрэр?

Спадар Сівакоў цытуе пастулят Гітлера: “Любоў да фюрэра, народу і айчыны вышэйшая за ўсё”. Каго ж меў на ўвазе спадар Сівакоў пад словам “фюрэр”, спыталася на судзе спадарыня Сьвяцкая. Спадар Таіпаў патлумачыў:

“Калі ён цытуе тое, што напісана Гітлерам, то гэта трэба ў Гітлера пытацца, каго ён меў на ўвазе пад паняткам “фюрэр”. Ён цытуе — каго?.. Пад фюрэрам каго можна мець, пад словам “фюрэр”, калі цытуюцца словы Гітлера?”

Суд не дазволіў двум сябрам Партыі БНФ прадстаўляць у працэсе інтарэсы Валянціны Сьвяцкай. Юрыст Уладзімер Лабковіч заявіў, што гэта супярэчыць закону аб палітычных партыях:

“Паўгоду мы не маглі дамагчыся гэтага працэсу. Фрунзенскі суд адфутбольваў нашу пазоўную скаргу. Мы сёньня бачылі абсалютна такі фармальны падыход да разгляду гэтага працэсу і, канечне, уражваюць цынізмам довады адказчыка. Думаю, што вынік будзе адмоўны — зыходзячы выключна не з прававых, а з палітычных матываў, якія адбываюцца ў нашай дзяржаве”.

Суд адхіліў пазоў Сьвяцкай, заявіўшы, што артыкул меў публіцыстычны характар.

Валянціна Сьвяцкая сказала:

“Любіць фюрэра ім дазваляецца. Калі ты ня любіш фюрэра, то атрымаеш дубінкай ці трапіш у аўтазак”.

На фота: Валянціна Сьвяцкая ў судзе.

XS
SM
MD
LG