Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісаньне расейска-беларускага пагадненьня аб гандлі адклалі


Радыё Свабода Падпісаньне міжурадавага пагадненьня паміж Беларусьсю і Расеяй аб разьвіцьці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва адкладзенае. Пра гэта беларускаму дзяржаўнаму агенцтву навінаў БелТА паведаміў намесьнік міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі Віталі Савельеў.

Беларускі бок дадаў шэраг прапановаў, якія, паводле расейскага боку, істотна зьмяняюць дакумэнт. У прыватнасьці, прапануецца скасаваць мытнае афармленьне некаторых тавараў. А гэтыя прапановы патрабуюць узгадненьня з Фэдэральнай мытнай службай Расеі.

Падпісаньне пагадненьня аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве адкладаецца ўжо ня першы раз. Яго праект быў парафіраваны сёлета ў студзені ў часе перамоваў у Маскве. Плянавалася, што ён будзе ратыфікаваны яшчэ да 1 сакавіка.

Як чакаецца, гэты дакумэнт дазволіць урэгуляваць праблемныя пытаньні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і абмежаваньняў у гандлі паміж краінамі. Сярод найбольш спрэчных — пытаньні паставак беларускага цукру на расейскі рынак і пастаўкі расейскіх цыгарэтаў у Беларусь.

Адклад падпісаньня дамовы камэнтуе эканаміст, кіраўнік Цэнтру імя Мізэса Яраслаў Раманчук:

Беларускія ўлады лічаць, што гэтае пагадненьне не адпавядае нацыянальным інтарэсам Беларусі, бо калі б паміж нашымі краінамі была зона вольнага гандлю, то Беларусь атрымала б такі ж цяжкі ўдар, які яна атрымала ад падпісаньня пагадненьня па нафце. А гэта прынамсі 2-2,5 мільярды даляраў - такога ўжо беларускі бюджэт, беларуская сыстэма безумоўна б ня вытрымала.

Таму, ведаючы, што Пуцін ня пойдзе на дэнансаваньне саюзных дамоўленасьцяў, і дзеля таго, каб Расея не ўвяла яшчэ квоты і захады тарыфнага ўрэгуляваньня на беларускія тавары, урад атрымаў загад адміністрацыі проста зацягваць перамовы, каб нейкім чынам можна было дамовіцца і праз нейкіх алігархаў нейкія схэмы ўпіхнуць.

На адным з сайтаў расейскага ўраду зьмешчаны праект, які абмяркоўваў расейскі ўрад. І там, напрыклад, ужо ацэненыя тры пазыцыі, па якіх ідзе гаворка: цукар, папяросы, рыба. Думаю, што выбраныя такія пазыцыі, каб зацягваць перамовы, а тут можна і транспартныя сродкі да гэтага далучыць”;
XS
SM
MD
LG