Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня -- усясьветныя чытаньні памяці Ганны Паліткоўскай


Радыё Свабода Сёньня нямецкі фонд Пэтэра Вайса праводзіць усясьветныя чытаньні памяці Ганны Паліткоўскай, расейскай журналісткі, вострага крытыка расейскай палітыкі ў Чачні, забітай 7 кастрычніка летась. На радыёстанцыях у розных краінах сьвету сёньня чытаюць урыўкі зь яе кнігі “Другая чачэнская вайна”. У заходніх краінах пераклад кнігі Паліткоўскай выйшаў пад назовам “Маленькі куток пекла”.

Прапанова зладзіць радыёчытаньні ўрыўкаў з кнігі, вылучаная нямецкім фондам Пэтэра Вайса, была падтрыманая міжнародным ПЭН-клюбам і арганізацыяй “Рэпартэры бязь межаў”. Сёньня тэксты Паліткоўскай гучаць па радыёстанцыях 20 краінаў, у тым ліку Расеі, Злучаных Штатаў, Аўстрыі, Швайцарыі, Канады і Судану. Сярод гэтых радыёстанцыяў – і наша радыё.

Для чытаньня прапанаваныя два разьдзелы з кнігі Паліткоўскай – “Махкецінскі канцлягер з камэрцыйным ухілам” і “Спэцапэрацыя “Зязікаў”.

Вось урывак з першага з гэтых разьдзелаў – аповед пра чачэнку Разіту, якую ў 2001 годзе катавалі электрычным токам.

“Маладыя афіцэры, якія гадзіліся ёй у сыны, прадставіліся як супрацоўнікі ФСБ. Яны надзявалі Разіце дзіцячыя рукавічкі, на пальцы адной рукі адзін канец аголенага дроту, на пальцы другой -- іншы. А сам дрот перакінуты праз шыю ззаду. Яна вельмі крычала, калі ток пускалі. Але ўсё астатняе цярпела моўчкі, баялася яшчэ больш іх разьюшыць. Эфэсбэшнікі прыгаворвалі "Кепска танчыш , дадаць трэба", называючы "танцамі" канвульсіі цела Разіты. І дадавалі току. А чаго яны хацелі? Яны ні пра што не пыталіся”.

Па нямецкім радыё тэксты Паліткоўскай сёньня чытае аўстрыйская ляўрэатка нобэлеўскай прэміі па літаратуры Эльфрыда Елінэк.

Ульрых Шрабэр, прэзыдэнт фонду Пэтэра Вайса, гэтак тлумачыць мэты усясьветных чытаньняў.

Шрайбэр: “Чачня мала асьвятляецца ў сродках масавай інфармацыі. І асабліва пасьля таго, як Ганна была забітая, я падумаў, што ёсьць тым болей падставаў, каб яе творы былі прачытаныя па радыё. Я спадзяюся, што ў выніку людзі, асабліва моладзь будуць больш ведаць пра тое, што адбываецца ў Чачні, і пра палітычную сытуацыю ў Расеі”.

У паведамленьні фонду Петэра Вайса пра ўсясьветныя чытаньні памяці Паліткоўскай адзначаецца, што “і напачатку ХХІ стагодзьдзя хлусьня застаецца інструмэнтам маніпуляцыі, таму ёсьць пільная патрэба падтрымаць сілы, якія ёй супрацьстаяць”.
XS
SM
MD
LG