Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебчукі — пра жыцьцё праз год пасьля прэзыдэнцкіх выбараў


Радыё Свабода Ці зьмянілася ваша жыцьцё за апошні год? На пытаньне Радыё Свабода адказвалі мінакі на вуліцы Леніна ў Віцебску.



Спадар: “У маім жыцьці нічога не зьмянілася. Жыць толькі горш стала — прадукты даражэйшыя. А так нічога не зьмянілася. Чакаю, што ўлада зьменіцца, тады, можа, нешта палепшыцца”.

Спадарыня: “У жыцьці практычна нічога не зьмянілася. Адзінае што, можа, зьмянілася — дык гэта маё стаўленьне да выбараў. Калі раней я верыла, што мой голас нешта значыць, то цяпер зразумела: мой голас ня значыць нічога. Таму што калі сам прэзыдэнт гаворыць, што выбары сфальшаваў — хай сабе нават на карысьць апазыцыі, то гэта азначае, што выбары ў прынцыпе магчыма сфальшаваць! Таму я ўжо ня веру ні ў якія выбары. А ў асабістым пляне жыцьцё пагоршылася — стала большая квартплата, і плата за сьвятло, і адчуваеш, што грошай хапае толькі на жыцьцё — каб не памерці з голаду”.

Спадар: “Што зьмянілася ў маім жыцьці? Усё стала даражэйшае, па-першае. Але самае галоўнае для мяне, што яшчэ менш стала свабоды. Я не магу нармальным чынам выпісаць “Народную Волю”, “Витебский курьер”, і з кожным днём дзеяньні ўлады ў Менску становяцца больш дзікунскімі ў дачыненьні да правоў людзей”.

Спадарыня: “Ведаеце што? Асабіста ў маім жыцьці нічога не зьмянілася. Бярэш 20 тысяч, ідзеш у краму, за іх амаль нічога не купляеш і вяртаесься з пустой сумкай. А ў палітычным сэнсе? Мне ўжо дрэнна ад тае палітыкі, якую вядуць нашыя дэмакратычныя лідэры. Я ня бачу тут, у Віцебску, аніякіх зрухаў, і ў Менску я гэтага ня бачу! Я ўсё-ткі чакаю, каб усе апазыцыянэры аб’ядналіся! Таму да лепшага за гэты год нічога не зьмянілася. Калі й зьмянілася, то толькі да горшага”.

Спадар: “Маё жыцьцё значна зьмянілася! Як? Ну, я сам стаў мудрэйшы на адзін год, дзеці мае падрасьлі...”

Дзяўчына: “Прэзыдэнцкія выбары з гэткім жа вынікам адбыліся шмат гадоў таму. І з тае пары праходзяць год за годам, год за годам, і я ўжо неяк звыклася гэтыя гады адлічваць: “Ну вось, год прайшоў, тры засталося. Можа, потым нешта зьменіцца”. Хаця так — не зьмянілася нічога прынцыпова за гэты год”.

Хлопец: “За гэты год у мяне пабольшала веры і пабольшала горычы. Марнуецца час — горычы пабольшала ў душы. Але разам з тым пабольшала й веры — мне здаецца, што вясна, сапраўдная, набліжаецца”.
XS
SM
MD
LG