Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці абмяжуюць пастаўкі беларускага мяса ў Расею?


Ганна Соўсь, Менск Пастаўкі беларускага мяса ў Расею могуць быць абмежаваныя. Пра гэта заявіў міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксей Гардзееў. Беларускіх пастаўшчыкоў вінавацяць у кантрабандзе — нібыта летась на расейскі рынак нелегальна завезьлі 200—250 тысяч тонаў мяса. Тым часам прадстаўнікі “Россельхознадзора” ад 14 сакавіка атэстоўваюць беларускія прадпрыемствы, якія пастаўляюць харчы ў Расею. Паводле эканамістаў, праблемная сытуацыя з пастаўкай беларускага мяса ў Расею ёсьць працягам гандлёвай вайны між дзьвюма краінамі.

Мяса беларускае ці не?

Міністар сельскай гаспадаркі Расеі Аляксей Гардзееў паставіў беларускаму боку ўмову: спыніць кантрабандныя пастаўкі, а таксама рээкспарт мяса. У адваротным выпадку Беларусь чакае істотнае скарачэньне паставак сьвініны ў Расею.

Паводле расейскага міністэрства, у большасьці выпадкаў нелегальнае мяса трапляе ў Расею з Польшчы пад выглядам беларускага.

Прадстаўнік беларускага Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня Мікалай Чупік, адказны за сувязі з грамадзкасьцю, сказаў, што ня чуў пра заявы расейскага міністра.

А прадстаўнік “Россельхознадзора” Аляксей Аляксеенка паведаміў Радыё Свабода пра адзін з выпадкаў, якія сталі падставай для правядзеньня атэстацыі беларускіх прадпрыемстваў.

“Гэта пячонка, якая павінна была ісьці на корм жывёлам, але якая пастаўлялася, як пячонка для спажываньня людзей. Гэта пячонка прыйшла ў Польшчу са Штатаў і стала рээкспартавацца празь Беларусь”.

Беларусы адмаўляюць рээкспарт

У зборніку мытнай статыстыкі замежнаэканамічнай дзейнасьці паведамляецца: летась за дзевяць месяцаў імпарт сьвініны ў Беларусь склаў 28,3 тысячы тонаў, у тым ліку з Польшчы 24 тысячы тонаў. Тады як экспарт беларускай сьвініны за гэты ж пэрыяд склаў 29,7 тысячы тонаў.

Гарадзенскі мясакамбінат знаходзіцца блізу мяжы з Польшчай. Як паведаміў “Свабодзе” начальнік аддзелу маркетынгу Кірыл Гуцікаў, камбінат пастаўляе ў Расею ад 800 да 1000 тон мяса ў месяц. Паводле спадара Гуцікава, экспартуецца толькі вырабленае ў Беларусі мяса, і абмежаваньне паставак на расейскі рынак можа нэгатыўна адбіцца на дзейнасьці прадпрыемства.

На мінулым тыдні спэцыялісты “Россельхознадзора” праводзілі атэстацыю камбінату, кажа спадар Гуцікаў:

“Былі на мінулым тыдні. Вынік... Афіцыйны дакумэнт будзе падпісаны ў Маскве па прыезьдзе інспэкцыі “Россельхознадзора”. Пакуль папярэдне ў нас усё ў парадку”.

Карэспандэнтка: “Якім чынам прадукцыя можа нелегальна трапіць на расейскі рынак?”

“Найхутчэй нелегальныя пастаўкі рабілі не мясакамбінаты, а дробныя перапрацоўнікі альбо дробныя фірмы, якія ўвогуле не займаюцца перапрацоўкай, якія атрымлівалі дазвол на ўвоз і транзытам увозілі мяса”, — сказаў Гуцікаў.

Прадстаўнік расейскага “Россельхознадзора” Аляксей Алеексенка схіляецца да той жа думкі:

“Думаю, што буйны пастаўшчык са сваёй базай кліентаў, з наладжанай сыстэмай работы зьвязвацца з гэтым ня будзе. Гэта робяць падстаўныя фірмы, фірмы-аднадзёнкі, якія потым проста зьнікаюць”.

Гарматнае мяса ў гандлёвай вайне

Доктар эканамічных навук Барыс Жаліба зьвяртае ўвагу на акалічнасьць, зьвязаную з плянаваным сёньня падпісаньнем Пагадненьня аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з Расеяй:

“З Расеяй вось-вось будзе падпісанае гандлёвае пагадненьне, дзе ўсе пытаньні былі ўжо ўзгодненыя. І зноў жа, такая заява з боку міністра — канечне, гэта турбуе. Цягнецца гандлёвая вайна. Ніяк ня могуць дамовіцца”.

Што да магчымага абмежаваньня паставак беларускага мяса, то паводле Барыса Жалібы, Расея спрабуе гэтак абараніць сваіх вытворцаў мяса ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі з буйнымі мяснымі экспартэрамі — такімі, як Аргентына і шэраг краінаў Эўразьвязу.

Паводле эканаміста Леаніда Злотнікава, сытуацыя з пастаўкамі мяса ў чымсьці нагадвае сытуацыю з цукрам — беларускіх пастаўшчыкоў чарговы раз вінавацяць у кантрабандзе.

“Агульная пазыцыя Расеі — прыкрыць тыя каналы, якія даюць Беларусі дадатковы прыбытак ад замежнага гандлю з Расеяй, пры ўмове, што гэта гандаль не зусім чысты. На ўсясьветным рынку мяса і мясапрадуктаў ягоны кошт меншы, чым у той жа Польшчы, Нямеччыне і Беларусі. Гэта адметнасьць ўсясьветнага рынку мясапрадуктаў. Купляючы на ўсясьветным рынку і прадаючы на расейскім рынку за іншыя цэны, Беларусь атрымлівае гэтую розьніцу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG