Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскага актывіста арыштавалі на сем сутак


Радыё Свабода На сем сутак арыштавалі сёньня ў Горадні грамадзкага актывіста Андруся Фаміна, абвінаваціўшы ў нецэнзурнай лаянцы. Ён быў затрыманы ўчора і ноч правёў у міліцэйскім ізалятары.

Андрусь Фамін даваў паказаньні ў судзе на беларускай мове. Яго затрымалі ўчора пасьля допыту ў КДБ у справе “Маладога фронту”. Ён зайшоў у краму, за ім увайшлі два міліцыянты ў форме і сказалі, што яго падазраюць у адміністрацыйным правапарушэньні паводле артыкулу 17.

Больш міліцыянты нічога не тлумачылі, а ў пастарунку напісалі, што ён лаяўся, размаўляючы па мабільным тэлефоне.

Затрымалі яго два невысокія прапаршчыкі, як яны прадставіліся ў судзе, “міліцыянты-кавалерысты”. Іхныя прозьвішчы Возны і Балтрукевіч. Судзьдзя Натальля Козел прапанавала ім расьпісацца, што ведаюць пра адказнасьць за непраўдзівыя паказаньні, — што яны ахвотна зрабілі.

Судзьдзя ў сваім рашэньні патлумачыла, наколькі, на яе погляд, шчыра і пераканаўча давялі віну Андруся Фаміна “міліцыянты-кавалерысты” і наколькі няшчырым быў ён сам у сваіх спробах пазьбегчы адказнасьці. Як вынік, сем сутак арышту.

Гаворыць сястра Фаміна Ганна:

“Мы прыходзілі ў суд да брата, якога судзяць ужо другі раз. Першы раз яго затрымалі ў студзені гэтага году: тады падышлі на прыпынку, арыштавалі й далі пяць сутак”.

Андрусь нагадаў, што мінулы раз міліцыянты сказалі ў судзе, што ён спраўляў патрэбу на аўтобусным прыпынку на люднай вуліцы. Тады яго пасадзілі напярэдадні мясцовых выбараў.

Гэтым разам, лічыць Фамін, яго спэцыяльна ізалявалі перад 25 сакавіка. Год таму ён прабыў пяць дзён у Жодзінскай турме — яго затрымалі на Кастрычніцкай плошчы ў сталіцы.
XS
SM
MD
LG