Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як рыхтуюцца да 25 сакавіка ў рэгіёнах?


Радыё Свабода 25 сакавіка, у гадавіну Беларускай Народнай Рэспублікі, апазыцыя традыцыйна праводзіць масавыя акцыі. Як рыхтуюцца адзначыць гэты дзень у рэгіёнах? У некаторых рэгіёнах плянуюць у гэты дзень накіроўваюць сваіх актывістаў выключна ў Менск. Іншыя хочуць частку сілаў пакінуць на месцы. Тыя, хто застаюцца, пераважна зьбіраюцца праводзіць сходы, вечарыны, ушаноўваць памяць змагароў за вольную і незалежную Беларусь.

Дэмакратычная кааліцыя Гарадзенскай вобласьці вырашыла, што ўсе яе актывісты 25 сакавіка будуць у Менску. Праводзіць масавае мерапрыемства ў Горадні ў гэты дзень не выпадае, лічыць старшыня абласной філіі Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юры Істомін:

“Мы не падавалі заяўку на 25-га. Мы плянавалі правесьці мітынг 19-га, але мясцовыя ўлады нам адмовілі. Што тычыцца 25-га, дык усе нашы палітычныя структуры прыйшлі да кансэнсусу — трэба ехаць у Менск, усе павінны быць у Менску. Мы тэлефануем у рэгіёны, каб падштурхнуць нашых актывістаў прыехаць у сталіцу 25-га”.

Пераважна на сталіцу накіроўваюцца і дэмакратычныя актывісты Гомельшчыны, паведамляе старшыня абласной філіі Партыі БНФ Віктар Раманішка:

“У нас ёсьць партыйнае рашэньне, што мы пераважна будзем пасылаць сваіх людзей у Менск. А тыя, хто зь нейкіх прычынаў ня змогуць паехаць, будуць рабіць акцыі ў рэгіёне. Але масавымі яны ня будуць. Гэта пераважна будуць карпаратыўныя вечарыны. Ня больш за тое”.

У Магілеве 25 сакавіка зьбіраюцца сьвяткаваць — незалежна ад таго, дадуць ці не мясцовыя ўлады дазвол на мітынг і шэсьце, гаворыць старшыня абласной філіі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

“Калі нават не дазволяць, у Магілеве ўсё роўна 25-га нешта будзе. Мы плянуем правесьці сваё мерапрыемства, ёсьць пэўны варыянт. А вось моладзь ірвецца ў Менск, хоча ў гэты дзень пабыць там, на плошчы Каліноўскага”.
XS
SM
MD
LG