Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Баршчэўскі: “Змаганьне ідзе ня з творамі, а зь пісьменьнікамі”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”

Колькі разоў улады забаранялі п’есу Янкі Купалы “Тутэйшыя”? У 1926 годзе — на сцэне 1-га Беларускага дзяржаўнага тэатру. У 1927-м — у Зборы твораў паэта, сканфіскаваўшы трэці том. Напачатку 1980-х — у зборніку “Спадчына”, што меўся выйсьці ў выдавецтве “Мастацкая літаратура”. У 1982-м — ізноў на сцэне, гэтым разам Магілёўскага драмтэатру. У 1986-м — у энцыкляпэдычным даведніку “Янка Купала”. Падобна на тое, што “Тутэйшым” не пашанцавала ізноў — трагікамэдыю зьбіраюцца выкінуць са школьнай праграмы па літаратуры. Разам з Купалам падручнікі “пачысьцяць” ад твораў Р. Барадуліна, Н. Гілевіча, Г. Бураўкіна і другіх “нядобранадзейных” пісьменьнікаў. Пра зьмены ў навучальнай праграме — гутарка зь Лявонам Баршчэўскім.

“У будучых праграмах адбіліся рэсаветызацыя і рэсталінізацыя грамадзтва”

Міхась Скобла: “Лявон, мяне ў гэтай сытуацыі вось што зьдзіўляе: усе дзяржаўныя чыноўнікі, як змовіўшыся, адмаўляюцца камэнтаваць сытуацыю. І інструкцыя з Адміністрацыі прэзыдэнта — як і што трэба зьмяняць — дагэтуль існуе толькі пад сакрэтным грыфам “Для службовага карыстаньня”. Чаму ўсё гэта робіцца патаемна?”

Лявон Баршчэўскі: “Гэта ж звычайна: калі робіцца подлая справа, то стараюцца схаваць канцы ў ваду. Тыя, хто ўдзельнічае ў гэтых “зьменах”, цудоўна разумеюць: нічога добрага яны ня робяць, а робяць кепскае. Таму і хаваюцца”.

Скобла: “Сакрэтная інструкцыя, якую нам усё ж удалося здабыць, патрабуе замяніць творы Гілевіча, Барадуліна і Бураўкіна на творы другіх пісьменьнікаў. Я пацікавіўся: што будзе заменена? У праграме пакуль вывучаюцца: раман у вершах Гілевіча “Родныя дзеці”, вершы “Бацьку” і “Трэба дома бываць часьцей...” Барадуліна, “Песьня аб Радзіме” Бураўкіна. Няма ў гэтых творах ні “нацыяналістычнага” і “палітызаванага” характару, як падкрэсьлена ў інструкцыі. Дык навошта іх выкідаць з праграмы?”

Баршчэўскі: “Ідзе змаганьне ня з творамі, якія напісалі гэтыя паважаныя пісьменьнікі. Змаганьне ідзе зь імі як з асобамі. Гэта відавочна. Трэба падкрэсьліць, што гэта ня першая цэнзура, а, можа, ужо дзясятая за апошнія гады. Але да такой ступені апускацца, каб ваяваць менавіта з прозьвішчамі, з канкрэтнымі людзьмі, — раней такога не было”.

Скобла: “Цытую ўпамянутую інструкцыю: “Выключыць са сьпісаў для вывучэньня і пазакляснага чытаньня творы В. Іпатавай, У. Арлова, В. Чаропкі і другіх апазыцыйна настроеных пісьменьнікаў “сярэдняй рукі”. Пакінем без увагі гэтую “сярэднюю руку”. У праграме ёсьць аповесьць Вольгі Іпатавай “Прадслава” — пра Эўфрасіньню Полацкую. Наколькі мне вядома, нейкага альтэрнатыўнага твора на гэтую ж тэму, вартага вывучэньня ў школе, папросту няма. Дык што — абыдуцца школьнікі без Эўфрасіньні Полацкай?”

Баршчэўскі: “Ёсьць альтэрнатыўны твор пра Эўфрасіньню Полацкую. Праўда, належыць ён таму ж Уладзімеру Арлову, якога таксама трэба выкідаць з праграмаў. Што да аповесьці Іпатавай “Прадслава”, то яна аніяк ня цягне на “палітызаванасьць” ці “апазыцыйнасьць”, бо напісаная яшчэ ў 1970-я гады”.

Скобла: “У будучай праграме замест аповесьці Васіля Быкава “Аблава” ўводзіцца яго ж аповесьць “Сотнікаў”. І там, і там — тэма здрады. І “Аблава”, як мне здаецца, лягчэй успрымаецца вучнямі. Дык чым тут кіраваліся чыноўнікі?”

Баршчэўскі: “Гэткім чынам адзначаецца рэсталінізацыя і рэсаветызацыя грамадзтва. Усе гэтыя “лініі Сталіна” і ўсё астатняе невыпадкова ж узводзіліся. Цяпер трэба выкінуць з праграмаў па літаратуры ўсё, што нагадвае пра сталінскі тэрор 1930-х гадоў. Гэта ўжо проста паталягічная нянавісьць, паталягічнае імкненьне нагадаць, што пры Сталіне было ўсё добра, а ўсё кепскае прыдумалі “ілжэдэмакраты”. І гэтае вяртаньне ў сталінізм мяне трывожыць найбольш”.

Скобла: “Дык чаму ўвогуле Васіль Быкаў пакідаецца? Ці не прасьцей замест яго твораў уключыць твор Георгія Марчука, дарэчы — вялікага прыхільніка рэфармаваньня праграмы па літаратуры?”

Баршчэўскі: “Думаю, творы Марчука яшчэ чакаюць нас у будучай школьнай праграме. Тут можна не сумняваццца. Дарэчы, у сваім нядаўнім інтэрвію “Белгазете” Марчук гаварыў, што праграмы па беларускай літаратуры не зьмяняліся з пачатку 1990-х. Поўная некампэтэнтнасьць! Праграмы якраз зьмяняліся, і зьмяняліся залішне часта: у 1996-м, у 1998-м, у 2000-м і 2002-м гадах. А да выключэньня Быкава не дайшло таму што няма на гэта загаду з самага верху. Памятаеце, самы галоўны чыноўнік гаварыў, што ён вучыўся на “вершах Быкава”, таму прозьвішча Быкава пакуль не забароненае. І ніжэйшыя чыноўнікі яго не выкідаюць, яны толькі замяняюць творы. “Аблава” выкінутая ясна чаму: там тая самая праблематыка, зьвязаная са сталінскім тэрорам”.

“У “Тутэйшых” добра паказана беларускае асэсарства”

Скобла: “Я не зьдзівіўся, калі пабачыў, што з праграмы выкінутая трагікамэдыя Янкі Купалы “Тутэйшыя”. Я падлічыў: пачынаючы з 1926 году гэтую п’есу ўлады забаранялі ўжо шэсьць разоў. І як літаратурны, і як сцэнічны твор. Ці патрэбныя “Тутэйшыя” ў сёньняшняй беларускай школе? З такім пытаньнем я зьвярнуўся да настаўніка Давыд-Гарадоцкай сярэдняй школы №1 Віктара Вабішчэвіча”.

Віктар Вабішчэвіч: “Безумоўна, “Тутэйшыя” цяперашняй школе патрэбныя, і прытым ня проста патрэбныя, а надзвычай патрэбныя. Твор гэты вельмі важны ва ўсёй нашай літаратуры. Калі яго выкінуць з праграмы… Гэта будзе элемэнтарна непісьменны крок. Хто знойдзецца, які чалавек адважыцца так адкрыта і нахабна праявіць сваю звычайную непісьменннасьць?! “Тутэйшыя” сёньня, на жаль, ня страцілі свайго значэньня. Усё, пра што пісаў Купала, актуальнае і ў наш час. Гэтыя прыстасаванцы і нікчэмнасьці, якія ірвуцца да беларускага асэсарства... Не дамагліся расейскага асэсарства, то ірвуцца хоць бы да беларускага.

У “Тутэйшых” выдатна намаляваны адмоўны вобраз Мікіты Зноска. Дзецям гэты твор падабаецца, ён цікавы, вучні з задавальненьнем яго чытаюць і вывучаюць. А тое, што гэты твор шэсьць разоў забаранялі… Дык хто мы перад абліччам Эўропы? Мы — цывілізаваная нацыя, якая ўвайшла ў 21 стагодзьдзе, ці ў нас яшчэ 6 стагодзьдзе на двары, у нас сьпіс забароненай літаратуры: гэта не чапаць, гэта не рабіць. Ці бачыце, зьявіўся нейкі тытан, які хоча, каб яго вывучалі. Адзін, два, тры тытаны, можа, іх і пяць, якія кажуць: “Давайце, замест іх нас у праграму ўстаўце”. Я такія падыходы чуў ня раз ужо. Гэта проста непавага ўвогуле да літаратуры, да школы, да сваёй гісторыі, а зрэшты, і да сваёй дзяржавы!”

Скобла: “Дзякуй, спадар Вабішчэвіч, за ўдзел у нашай перадачы. Са школьнай праграмы выкідаецца таксама славуты верш Паўлюка Багрыма “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” Аказваецца, нейкі “дасьледчык з Баранавічаў” падаў у Нацыянальны інстытут адукацыі зьвесткі, што Багрым — “польскі шавініст і нацыяналіст”. Ня знойдзецца ў падручніках і месца Вацлаву Ластоўскаму, чые творы, нібыта, “нецікавыя дзецям”. З просьбай пракамэнтаваць рэвізію школьнай праграмы я зьвярнуўся да супрацоўніка Інстытута літаратуры Нацыянальнай Акадэміі навук Язэпа Янушкевіча.

Язэп Янушкевіч: “Ёсьць такі панятак “рэвізіяністы”, па-народнаму — прыстасаванцы. Катэгорыя — несьмяротная. Калісьці трэба было — таго ж Ластоўскага абзывалі «буржуазным нацыяналістам». Часы зьмяніліся — яны заўзята ўзяліся за “новае прачытаньне твораў Гарэцкага, Зарэцкага, Ластоўскага”. Ды яшчэ, як для сьмеху, дзецьмі прыкрываюцца: “вучням гэта нецікава”!

Нейкая цемра непрасьвяцімая насоўваецца на школьныя чытанкі, калі ўжо нават легендарны Паўлюк Багрым замінаць пачынае! “Дасьледчык з Баранавічаў” — гэты няздарны краязнаўца Міхась Маліноўскі (здаецца, камісаваны вайсковец) — пазбаўляе Багрыма месца ў хрэстаматыях! Кіруючыся лёгікай “рэвізіянізму”, хутка й несьмяротнай “Пінскай шляхце” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча месца ў падручніках ня знойдзецца. Бо на яе замахнуўся ня нейкі там невук-аматар, а доктар навук — выступіла з артыкулам “Дунін-Марцінкевіч не зьяўляецца аўтарам “Пінскай шляхты”.

Скобла: Дзякуй спадару Янушкевічу за гэткі эмацыйны камэнтар. Лявон, у будучай праграме “Тутэйшыя” будуць замененыя вершамі Купалы — так вымагае інструкцыя. Але ці можна замяніць п’есу — вершам?”

Баршчэўскі: “Вядома ж, нельга. Але чыноўнікі скажуць, што яны пакінулі ў праграме драматычныя творы Макаёнка ці Крапівы. Скажуць, што засталася “Паўлінка” Купалы, і, маўляў, дастаткова. Апраўдацца заўсёды можна.

Мы з вамі апэруем рацыянальнымі аргумэнтамі, а з другога боку ёсьць рэвалюцыйная неабходнасьць. Кіруючыся рэвалюцыйнай неабходнасьцю, ня толькі вершы з падручнікаў выкідалі, а саміх пісьменьнікаў у свой час зьнішчалі фізычна. Таму тут аніякіх аргумэнтаў быць ня можа. Што да вайны з “Тутэйшымі”, то я так нітку развагаў працягваю: выкінуць са школьнай праграмы, потым забараніць пастаноўкі ў тэатрах, а потым і выданьні. Бо ў “Тутэйшых” Купала выдатна паказаў мэнталітэт беларуса і асаблівасьці гэтак званых “сяброў беларуса” з Захаду і Ўсходу. І гэта да сёньняшняга дня назаляе камусьці. Што ж, у юбілейны год выключэньне твораў Купалы са школьнай праграмы — выдатны “падарунак” народнаму песьняру”.

“Якасную праграму наскокам ня створыш”

Скобла: “Наколькі я ведаю, будучая праграма па літаратуры стваралася ў сьпешным, ледзь не аўральным парадку. Вось вы займаліся распрацоўкай праграмаў для ліцэяў і школаў. Скажыце, перарабіць праграму па літаратуры — гэта ўвогуле складаны працэс?”

Баршчэўскі: “Складана было на пачатку 1990-х гадоў, пакуль расстаўлялі акцэнты, знаходзілі патрэбную тэрміналёгію. І тагачасныя праграмы сваю ролю выканалі. А потым пачалася цэнзура. Пачалася яна са стварэньня сумнавядомай дзяржаўнай камісіі па цэнзуры падручнікаў і навучальных праграмаў. Тады адразу пачалі чысьціць. Раней я не зусім дакладна сказаў, усё ж такі і з прозьвішчамі ўжо ваявалі. Скажам, у 1996 годзе з праграмаў былі выкінутыя ўсе пісьменьнікі-эмігранты. Нават тыя, якіх ніякім чынам нельга было западозрыць у супрацоўніцтве з акупантамі. Як, напрыклад, Янка Юхнавец. Усіх выкінулі. І крытэр просты праглядваўся: не савецкія, значыць, трэба ад іх пазбавіцца.

Напачатку 1990-х гадоў адбываліся дзясяткі розных мэтадычных і літаратуразнаўчых канфэрэнцыяў, дыскусіяў, у якіх мне давялося браць удзел. Тады мэтадычную лябараторыю Інстытуту адукацыі ўзначальваў Міхась Лазарук — вельмі аўтарытэтная фігура, акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі і Расейскай акадэміі пэдагагічных навук. Рэвізія праграмаў — гэта, дарэчы, удар і па ім, паколькі ён быў галоўным стваральнікам цяперашніх праграмаў. І цяпер усё напрацаванае спэцыялістамі спрабуюць адным росчыркам пяра зьнішчыць. Але якасную праграму наскокам ня зробіш. Ды яшчэ атрымоўваючы ўказаньні ад некампэтэнтных, амбіцыйных і проста хворых людзей”.

Галоўны жанр чальцоў новага Саюзу пісьменьнікаў — даносы

Скобла: “Праект новай праграмы павінен быць абавязкова ўзгоднены з кіраўніком праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалаем Чаргінцом. А потым яна мае прайсьці праз Дзяржаўную камісію па разглядзе падручнікаў і праграмаў гістарычна-гуманістарнага цыклю. І потым ужо яе павінен зацьвердзіць міністар адукацыі. Як вы лічыце, пры ўсіх адзначаных недахопах праграма будзе зацьверджаная?”

Баршчэўскі: “Вырашэньне гэтага пытаньня знаходзіцца ў руках выпадковых людзей. Таму прагназаваць нешта цяжка. Я думаю, дыму без агню ня будзе, і грамадзкая крытыка трохі прыцішыць імпэт “рэфарматарам”. Але, як мне думаецца, “зьмены” будуць унесеныя. І няцяжка зразумець, чые творы могуць трапіць у новую праграму. У адным з апошніх нумароў часопіса “Полымя” Мікола Мятліцкі ашчасьлівіў сьвет сваімі рыфмаванкамі. Ён наракае, што мы страцілі вялікую краіну: “Межы паклалі сваю баразну, вырасла шчэцьце тыну. Толькі куды я душой ні зірну — бачу сваю айчыну”. Далей ідзе лямант пра тое, які быў харошы Савецкі Саюз, і заканчваецца: “Тут мы душою жылі і былі, долі ня зналі лайдачай. Вочы заплюшчу і Віскулі кропкай астатняй бачу”. Я прадбачу зьяўленьне такіх “шэдэўраў” у школьных падручніках.

Увогуле, сёньня відавочна, што галоўнай мэтай стварэньня новага праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі былі ня творчыя пытаньні, не забесьпячэньне творцаў. Быў патрэбны орган для пісаньня даносаў і “твораў” накшталт згадванай падчас нашай гутаркі “інструкцыі”. Бо яе стыль нагадвае стыль пісаньня пэўных людзей, якія я добра ведаю, і якія цяпер у кіраўніцтве новага саюзу. У іх добра атрымліваецца пісаць у жанры даносу. У іншых жанрах яны творчыя імпатэнты”.

Сувязь з аўтарам перадачы: m.skobla@tut.by
XS
SM
MD
LG