Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“…хвальба кіраўніцтва, што заробак 300-400 даляраў, ня слушная. Такога няма насамрэч”


Радыё Свабода Агляд званкоў на Свабоду за 20 сакавіка, аўторак. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон Свабоды 266-39-52. Вы можаце задаць пытаньне, падзяліцца навінамі, а таксама выказаць сваё меркаваньня пра падзеі ў Беларусі і сьвеце. Нам таксама можна дасылаць СМС-паведамленьні. Нумар мабільнай сувязі 391-22-24. Радыё Свабода не нясе адказнасьці за выказваньні слухачоў.

Анастас Семяновіч: “Шаноўнае спадарства Радыё Свабода! Добры вечар. Таварыш Лукашэнка, Вас вельмі падводзяць Вашыя прыхільнікі. Народ хоча сустрэцца з Вамі на плошчы Кастуся Каліноўскага, то бок на Кастрычніцкай. Вы вырашылі не сустракацца з народам, таму адпраўляеце яго на “сабачую плошчу”. Я ўпэўнены на 100, нават на 200 %, што ён туды ня пойдзе, а прыйдзе менавіта на плошчу Кастуся Каліноўскага. Вы вырашылі, што АМАП і спэцпадразьдзяленьні туды яго ня пусьцяць. Высновы адсюль рабіце самі. Эўропа і Амэрыка яшчэ раз пераканаюцца, што весьці з Вамі перамовы – гэта пусты стрэл. Я яшчэ раз зьвяртаюся да Вас: не рабіце вялікай памылкі, падумайце пра народ. Асобныя калектывы пачынаюць баставаць. Гэта пакуль маленькія ягадкі. Усё наперадзе. Яшчэ раз падумайце. Жыве Беларусь!”

Спадарыня: “Баліць мая душа глядзець на такое, калі вельмі шмат губіцца дзяржаўных грошай, і наш прэзыдэнт, які кажа, што ён іх беражэ, кажа няпраўду. У нашым былым калгасе “Прагрэс” такая добрая кантора. Чаму б там не знаходзіцца кіраўніцтву? Не, яны яе адрынулі, аддзялілі да калгаса “Броньнікі”. Там патрэбен рамонт. Такія грошы ўкладваюць у той рамонт! А чаму б не заняць гэтую кантору, калі гэтая кантора так добра абсталяваная! Такі добры тут садок! Выдатны сельсавет. Такая абстаноўка! Такая сталоўка! І ўсё гэта зачынена і ўсё гэта ламаецца, крышыцца. Калі я была ў нашага дэпутата Ліса на прыёме, то сказала яму: “Дапамажыце мне ўладкавацца на працу. Я жыву ў Малых Карнышах, у нас там няма ніякай фэрмы. Я буду пераяжджаць на Другую Рудку. Дайце мне, калі ласка, машыну перавезьці туды мэблю і ўсё”. І ён мне адказаў: “Для Вас – не”. Ведаеце, мне ж, канечне, крыўдна. Я ўсё-ткі шматдзетная маці, я выхоўваю адна траіх непаўналетніх дзяцей. І калі я запыталася, ці дадуць мне там працу на фэрме, што я хачу ісьці даяркай, сказалі, што мне адмовяць. Пасьля гэтага прыёму ў Ліса, я патэлефанавала старшыні калгаса, і насамрэч мне адмовілі. Месца для мяне няма. Таму што я іду як праваабаронца, кажу праўду і стаю за справядлівасьць. Вось як у нас цяпер любяць справядлівых людзей. Мой дзед лёг, галаву схіліўшы. А мне, унучцы, няма дзе ўладкавацца на працу”.

Спадарыня: “Добры вечар, шаноўная “Свабода”. Я слухаю сёньня Вас і чую званкі людзей. І мяне яны так за душу бяруць, што мне плакаць хочацца. Так хораша людзі гавораць, падаюць усё для Вас, шаноўныя. І я хацела б сказаць слова, як абараніцца ад прыхільнікаў Лукашэнкі і ад Ярмошынай. Ярмошына зь імі выбралі. А мы ніхто не абіраў. Ніхто не галасаваў. Просім Эўропу, просім Амэрыку. Памажыце нам абараніцца ад іх. Мы хочам жыць свабодна, спакойна. Але яны нас да гэтага не пускаюць. Трымаюць свой бюракратызм. Дзякую за ўвагу”.

Спадар: “Я слухаю нячаста Ваш Голас Свабоды і вельмі зьдзіўлены, чаму Вы не даяце нам жыць. У нас усё нармальна, мы пэнсіянэры, нам у час плацяць пэнсію, дзеці нашы працуюць, унукі нашы наведваюць школу, наведваюць дзіцячыя садкі. Мы жывем як людзі. Чаму Вы баламуціце народ наш? Чаго Вы хочаце? Чаму Вы на таго Лукашэнку так бочкі каціце? Чаму Вы ня кажаце нічога пра Буша, які столькі народу загубіў у Іраку? Столькі людзей гіне ў Аўганістане. Чаму Вы пра гэта ня кажаце? Чаму Вам не прызваць пытаньне, што гэта новы Гітлер, што яго павесіць трэба? Чаму Вы дурыце галаву нашаму беларускаму народу? Ды Лукашэнку пакланіцца трэба ў ногі, што ён нас людзьмі зрабіў. Што ён чалавек, выйшаў зь нейкага калгаса, выгнаў усю гэтую эліту і кіруе дзяржавай. Ды я нават у Ізраілі быў. І ізрайліцяне задаволеныя. Кажуць, нам бы такога чалавека. Мы, кажуць, з арабамі б мігам абстаноўку наладзілі б абстаноўку. А Вы яго ганьбіце. Навошта Вы гэта робіце? Вось што мне цікава. Пакуль. Да пабачэньня”.

Спадар: “Паважная “Свабода”. Вось паслухаў я па радыё ўсе гэтыя выступы апазыцыі й хачу сказаць адно. Ня варта так выступаць, мітынгаваць. Гэтую ўладу трэба вынішчаць тымі ж мэтадамі, якімі яна змагаецца з Вамі. Толькі гэтымі мэтадамі. Замахнуўся нейкі амапавец на жанчыну, ён павінен атрымаць у адказ тое самае. Насьміхаюцца яны з народу, так сама трэба рабіць і зь імі. Вось калі гэтая ўлада адчуе, што яна атрымлівае адпор, тады яна пачне крыху задумвацца пра тое, што яна робіць. Дзякую за ўвагу”.

Спадар: “Хачу задаць пытаньне таму чыноўніку зь Менгарвыканкаму, які сьцьвярджаў, што Кастрычніцкая плошча толькі для дзяржаўных мэрапрыемстваў. Дык абвяшчэньне Беларусі незалежнай дзяржавай пасьля 126 гадоў акупацыі ці ж гэта не дзяржаўнага маштабу падзея? Вось такое пытаньне”.

Спадар: “Працуем, будуем масты, а заробак 100 даляраў. І ніхто ня хоча больш плаціць. Насамрэч паліцэйская дзяржава. І твары ў нас сумныя ў гарадах і паўсюль. Радасьці ў людзей няма. Гэта проста мае назіраньні. А хвальба кіраўніцтва, што заробак 300-400 даляраў, ня слушная. Такога няма насамрэч. Можа, у каго і ёсьць. Кіраўніцтва сабе колькі грошай забрала. А райвыканкамы і іншыя ўлады народу плацяць мізэр. А ў крамах усё ёсьць, таму што ня ўсё купіш. Да пабачэньня. Усяго Вам добрага, Радыё Свабода”.

Спадар: “Калі выбралі Лукашэнку ў 1994 годзе, Зянон Пазьняк сказаў, што гэта толькі кветачкі. А ягадкі будуць потым. Вось і прыйшоў час зьбіраць ягадкі ў вотчыне Лукашэнкі”.

Спадарыня: “Хачу выказаць сваё меркаваньне наконт выказваньня Ярмошынай. Беларускі народ не даваў мандата Ярмошынай, каб яна выказвала сваё меркаваньне ад імя беларускага народу. Тое, што ў 2006 годзе 19 сакавіка я на выбрала руку Лукашэнку, якая яе корміць, і ні колькі пра гэта не шкадуе, гэта яе права. Прынамсі 60% насельніцтва Беларусі не галасавалі за Лукашэнку. І калі яна патрапіла падмануць дзяржаву, якая зацікаўлена ў гэтым падмане, сьведчыць пра яе подлую нікчэмную сутнасьць. Толькі такія, як Ярмошына, галасавалі за Лукашэнку, а такіх у Беларусі ня больш 20-25 %”.

Спадар: “Добрай раніцы, “Свабода”. Такое меркаваньне. Чамусьці ў Вашых архівах тых падзеяў не знайшлося месца такой прыроднай зьяве, якая здарылася ўвечары 19-га. Была завіруха, вельмі моцны вецер і сьнег. І людзей гэта застала неяк зьнянацку, людзі згуртаваліся, але гэта працягвалася даволі доўга. Можа хвілін 10. І надта быў моцны вецер. Я думаю, што, калі пашукаць, то можна знайсьці недзе ў архівах ці, на жаль. Я ня бачыў гэты фільм Хашчавацкага, можа, гэта там адлюстравана. Ну і заўвага такая, як звычайна. Вось у анонсе Вы ўсё паведамлялі, што Гарвыканкам менскі забараніў зьбірацца на Плошчы, а вось у самой перадачы гэта гучала, як мае быць – “адмовіў у заяўцы”. Вы ж зразумейце, што гэта розныя рэчы: “забараніў” і “адмовіў”. Сутнасьць адна, але трэба неяк больш паважліва ставіцца да мовы. Дзякуй за ўвагу”.

Спадар, Менск: “Добры дзень. Вось знайшоў на падлозе Вашу ўлётку “Дзень Незалежнасьці 25 сакавіка”. Прачытаў і вось, што магу сказаць. У гэтай улётцы не пазначаны год, калі будзе адбывацца мітынг. Гэтая ўлётка падыходзіць да любога году. Можна 2004, 2005 і гэтак далей. Наступнае, што там сказана: “вызваліць палітвязьняў”. У Беларусі няма палітвязьняў, у Беларусі ёсьць злачынцы, якія адбываюць пакараньне. Навошта людзям тлуміць галаву? Другое ці трэцяе. Гэта сапраўдная правакацыя. Менгарвыканкам не дазволіў мітынг на Кастрычніцкай плошчы, а Вы, так званыя дэмакратычныя сілы, заклікаеце народ туды для ўдзелу. І пацерпяць з-за Вас нявінныя людзі, а Вы будзеце ў баку. Як Вы да гэтага ставіцеся?”

Спадар: “У мяне да Вас такое пытаньне. Калі Вы пачняце называць рэальныя лічбы апазыцыянэраў, якія сабраліся на Плошчы? Вы заўжды павялічваеце іх колькасьць у некалькі разоў. Вось сёньня Вы паведамілі, што на Кастрычніцкай плошчы сабралася 100 чалавек. На “Нямецкая хваля” сказала, што іх было 20 чалавек. І гэта Вы робіце заўжды, я заўважыў. Няўжо Вам за гэта прэміяльныя даюць? І што Вам пасьля гэтага можна верыць? Вось і ўсё. Пакуль”.

Спадар: “Вось там нейкі чалавек выступаў па Радыё Свабода і казаў, што вось апазыцыя езьдзіла ў ЗША, прывезла мех даляраў і чаму яму не кідаюць 15-20 даляраў у паштовую скрынку. А чаму Лукашэнка, калі езьдзіў да Садама Хусэйна, цяпер нябожчыка, і атрымаў ён адтуль 500 тысяч даляраў, чаму ён ня кінуў яму ў скрынку? Чаму ня кінуў у скрынку Лукашэнка, калі атрымліваў датацыі па 5 мільярдаў даляраў? Чаму Лукашэнка ня кінуў яму даляры, калі езьдзіў у Кітай і там яму далі мільярд даляраў? Вось так”.

Спадар: “Паважная “Свабода,” праз Вашых карэспандэнтаў спраўдзьце, калі ласка, хто ў дадзены момант зьяўляецца мэрам Барысава. Па неправеранай інфармацыі на гэтую пасаду прызначаны Зьміцер Лукашэнка. Калі гэта праўда, паведамце пра гэта слухачам. Дзякуй”.
XS
SM
MD
LG