Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейшчына: масавыя выклікі апазыцыянэраў у КДБ і міліцыю (абноўлены)


Радыё Свабода Сёньня ў Берасьці, Баранавічах ды Пінску супрацоўнікі КДБ і міліцыі праводзяць так званыя “прафіляктычныя гутаркі” зь сябрамі апазыцыйных партыяў і рухаў. Кожны выкліканы мусіць падпісаць пратакол папярэджаньня. Пры гэтым актывістам нагадваюць пра штрафы й арышты, якія пагражаюць ім у выпадку ўдзелу ў сьвяткаваньні Дня Волі.

Старшыня Берасьцейскай гарадзкой філіі Партыі БНФ Зьміцер Шыманскі быў выкліканы сёньня раніцай у Маскоўскі райаддзел міліцыі. Ён кажа, што гутарку зь ім міліцыянт зафіксаваў у пратаколе:

“Участковы проста вінаватым голасам патлумачыў, што ягонае кіраўніцтва загадала са мной паразмаўляць.У пратаколе занатавана папярэджаньне “аб зьдзяйсьненьні супрацьпраўнай дзейнасьці”. Гэта ўдзел альбо арганізацыя несанкцыянаваных масавых акцыяў. Пералічаныя таксама артыкулы новага Адміністрацыйнага кодэксу, паводле якіх мяне можна будзе прыцягнуць да адказнасьці”.

Паводле Зьмітра Шыманскага, папярэджаньні ў Берасьці атрымалі яшчэ сямёра сябраў Партыі БНФ. Міліцыянты зьвярталі асаблівую ўвагу, што новы Адміністрацыйны кодэкс дазваляе больш жорстка караць за ўдзел у несанкцыянаваных вулічных акцыях. Перадусім, гэта грашовы штраф да 50 базавых велічыняў, затрыманьні й арышты.

Таксама сёньня ў Баранавічах мясцовы аддзел КДБ праводзіў “прафіляктычныя гутаркі”. Расказвае грамадзкі актывіст Сяргей Гоўша:

“КДБ займаецца не сваёй справай, гэта зразумела. Не дасылалі позваў праз пошту, а тэлефануюць на сотавы і загадваюць зьявіцца на допыт, нібыта па крымінальнай справе. Першым у нас выклікалі навучэнца адзінаццатай клясы. Яго трымалі тры гадзіны. У школу не паведамілі, і бацькі ня ведалі, дзе іхны хлопец”.

Перасьлед апазыцыянэраў распачаты і ў Пінску. Але на гэты час сябры Партыі БНФ Аляксандар Аўсеенка, Канстанцін Чувак, Юры Бахцераў, Аляксандар Рамановіч ды іншыя позвы ігнаруюць. Прычыну тлумачыць Аляксандар Рамановіч:

“У мінулым годзе было тое ж самае. Калі людзі зьявіліся па выкліку ў ГАУС, то іх пасадзілі. Таму я проста адмаўляюся ад усіх кантактаў зь імі”.

У Пінскім гарадзкім адзеле міліцыі камэнтаваць прычыны выклікаў апазыцыянэраў адмовіліся.
XS
SM
MD
LG