Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму 20 сакавіка 2006 году колькасьць удзельнікаў мітынгу зьменшылася?


Іна Студзінская, Менск 20 сакавіка, на наступны дзень пасьля выбараў, пасьля таго, як на мітынг выйшлі некалькі дзясяткаў тысяч чалавек, на Кастрычніцкім пляцы людзей не паболела. Чаму так адбылося?

На думку Віктара Карняенкі, аднаго з кіраўнікоў перадвыбарчага штабу Аляксандра Мілінкевіча, цалкам ня маюць рацыі тыя людзі, хто кажа, што палітыкі ня ведалі, якім чынам выкарыстаць патэнцыял Плошчы, куды трэба было весьці народ:

“Ва умовах такой дыктатуры, як у нас, абсалютна жорсткай, можна толькі дэманстрацыяй вялікай сілы дамагацца выніку. Таму ў нас быў такі разьлік: 19-га любой цаной пазьбегнуць канфрантацыі, канфлікту. Прынамсі, у Тбілісі ў першы дзень наагул прыйшло каля 500 чалавек, а ў другі – больш, і усё ішло па нарастаючай. І нам здавалася, колькасьць пратэстуючых будзе нарастаць. А увесь горад пабачыць, што ёсьць плошча, яна стаіць, ня б’юць, і такім чынам, можа, увесь Менск выйдзе. Але калі хтосьці чакаў фокусу ад 30 тысяч чалавек... Вось што трэба было зрабіць? Дамагацца дыялёгу з уладай, дамагацца праўды. Таму гэта былі не змагары за перамогу, а людзі, якія хацелі праўды. Канечне ж, я не задаволены вынікам. Але калі адказна задумацца над тым, што магло быць у лепшым варыянце, якім чынам выкарыстаць патэнцыял тых людзей, якія прыйшлі на плошчу, я думаю, наўрад ці самі тыя, хто кажа: “Вось, палітыкі не зрабілі тое, што маглі”, знайшлі адказ”.

Рок-музыкант Зьміцер Язьвінскі быў на плошчы 19-га і правёў дзьве ночы ў намётавым лягеры, пакуль не захварэў.

“Я, у прынцыпе, вельмі добра разумеў, што нічога ня зьменіцца, тым больш рэвалюцыйным шляхам. Але натхняла тое, што ты зьяўляесься часткай гісторыі. Таму што сапраўды ў Беларусі такога шмат гадоў не было, напэўна, увогуле не было, прынамсі, пры маім жыцьці. Я увогуле ня мог сядзець дома ў гэты час. Я – сьведка гісторыі, нават ня сьведка, а удзельнік гэтай гісторыі”.

Праваабаронца Ірына Тоўсьцік такім чынам тлумачыць, чаму яна выйшла на плошчу 19-га, а потым прыйшла ў намётавы лягер і заставалася там да канца:

“Вядома, я пайшла на плошчу, як і кожны грамадзянін, які адстойвае менавіта свабодныя выбары. Мы бачылі, што іх не было, і мы выйшлі на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі чарговых выбараў. Што выйшлі, можа быць, не ў такой колькасьці 20 сакавіка, гэта ня сьведчыць пра тое, што людзі не хацелі змагацца. Проста была такая сытуацыя, што выйшлі 19-га, і 19-га павінны былі стаяць. Вось чакаецца 25 сакавіка, Дзень Волі. І я думаю, што гэты дзень будзе адзначаны шырока. Улічваючы падзеі з газам, з Расеяй людзі пачынаюць прачынацца. І вясна гэта пакажа”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG