Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менскі кляштар бэрнардынаў можа стаць пяцізоркавым гатэлем


Ігар Карней, Менск Два гады таму вернікі Рыма-Каталіцкага касьцёлу выступілі на абарону сваёй сьвятыні – касьцёла Сьвятога Язэпа і кляштара бэрнардынаў, разьмешчаных у гістарычным цэнтры Менску – у Верхнім Горадзе. Згодна з плянамі засваеньня гарадзкой тэрыторыі, архітэктурны ансамбль ХVII стагодзьдзя менскія ўлады зьбіраюцца перарабіць на гатэль. Экспэрты даюць кепскія прагнозы адносна захаваньня помніка.

Днямі старшыня Менскага гарвыканкаму Міхаіл Паўлаў падзяліўся плянамі камэрцыялізацыі старажытнага цэнтру Менску. Паводле чыноўніка, неўзабаве ў цэнтры сталіцы зьявіцца 5-зоркавы гатэль, які ўзроўнем сэрвісу пераўзыдзе усё дагэтуль збудаванае ў Беларусі. Паводле Паўлава, да рэалізацыі праекту плянуецца прыцягнуць інвэстараў з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Паводле гісторыка архітэктуры Сяргея Харэўскага, ёсьць рэальныя падставы казаць, што гатэль могуць пабудаваць менавіта на падмурку старадаўняга кляштара бэрнардынаў:

– Існуе вялікі грунтоўны праект, зроблены летась у інстытуце “Мінскпраект”, на перабудову ансамблю кляштара бэрнардынаў з касьцёлам сьвятога Язэпа. Цэлы квартал паміж вуліцамі Кірыла і Мэтода, Герцана і Гандлёвай маюцца ператварыць у вялікі забаўляльны цэнтар з камфартабэльным 5-зоркавым гатэлем. Там мае быць велізарны басэйн, які, паводле праектаў, што я бачыў, зьбіраюцца зьмясьціць літаральна ў падмурак кляштара 1624 году. Толькі катлавіна пад падземныя паркінгі і басэйн у глыбіню будзе большай за вышыню кляштара. Натуральна, пры гэтым ніхто не гарантуе, што ўнікальны ансамбль старасьвеччыны не пацерпіць.

Ганна Сіўчык ад першага дня бярэ ўдзел у малебнах ля касьцёла Сьвятога Язэпа. Яна – адна зь ініцыятарак збору подпісаў са зваротам да грамадзкасьці. Яго лейтматыў – агульную сьвятыню трэба ратаваць супольна. Са спадарыняй Сіўчык я гаварыў напярэдадні, якраз у дзень парафіяльнага сьвята вернікаў:

– Роўна два гады, як мы дзень пры дні, практычна не прапускаючы ніводнага дня, молімся каля гэтага касьцёла. Сёньня ў нас парафіяльнае сьвята, дзень Сьвятога Язэпа, і роўна два гады таму першы раз там зьявіліся людзі.

– Што да ініцыятывы збору подпісаў: яна зьявілася гэтаксама тады, два гады таму, альбо толькі нядаўна?

– Гэтая ініцыятыва зьявілася менавіта цяпер, калі мы зразумелі: усе абяцанкі ці нейкія няпэўныя адказы ўладаў – гэта чысты падман. З улікам, што сіламі адной парафіі абараніць гэтую сьвятыню нерэальна, узьнікла ініцыятыва зьвярнуцца да грамадзкасьці. Але паходзіць яна ад нас, ад тых, хто стаіць там і моліцца, каб нас падтрымалі, каб усё ж паставіць заслону на гэтым бязбожным шляху зьнішчэньня сьвятыняў.

– Дзе завязаная камэрцыя, дзе круцяцца вялізныя грошы, грамадзкая актыўнасьць усё ж плён мае?

– Грамадзкая актыўнасьць мае плён заўсёды. Але ўсё залежыць ад іхняй добрай волі. Калі ў іх ёсьць хоць кропля сумленьня, то яны аддадуць нам гэтую сьвятыню. Калі няма – мы тады проста бясьсільныя.

Мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі перакананы: калі праект пабудовы забаўляльнага комплексу рэалізуецца, будзе страчаны, без перабольшаньня, самы каштоўны помнік Менску, унікальны ансамбль, які захаваў выгляд пачатку ХVII стагодзьдзя, дажыў да сёньняшніх дзён у цэльным выглядзе – з плянаваньнем, з аўтэнтычнымі мурамі. Да таго ж, як кажа спадар Харэўскі, у працэсе будаўніцтва не закладаюцца ні сур’ёзныя археалягічныя працы, ні рэстаўрацыйныя работы, а наўпрост адбываецца выкарыстаньне тэрыторыі для рэалізацыі бізнэс-праекту. Дарэчы, паводле Сяргея Харэўскага, наўрад ці ідэя ператварыць Стары горад у забаўляльны цэнтар захапляе і праваслаўную царкву:

– Гэтая акалічнасьць вельмі моцна абурыла хрысьціянскую грамадзкасьць Менску. Вернікі будуць абражаныя ў выніку рэалізацыі бязглуздага праекту; мы ўжо маем горкі прыклад, калі на месцы цьвінтара, пахаваньня айцоў-бэрнардынаў і фундатараў гэтага касьцёла зрабілі прыбіральню для піўбару. Абсалютны вандалізм, які ня мае ніякага апраўданьня. Зь іншага боку, ня думаю, што надта будуць ўсьцешаныя праваслаўныя вернікі, калі, фактычна, упрытык да катэдральнага сабора Сьвятога Духа, да асьветніцкага праваслаўнага духоўнага цэнтру будзе пабудаваны за невядома чые грошы (прыпускаем, што арабскія) такі забаўляльны бізнэс-цэнтар з саўнамі, боўлінгамі, барамі, рэстарацыямі.
XS
SM
MD
LG