Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа 19 сакавіка


Дзьмітры Падбярэзскі, Менск Агляд форумаў і блогаў Белнэту

Вось які астралягічны прагноз можна прачытаць на сайце Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі на 25 сакавіка: «У дзённы час небясьпечныя сытуацыі могуць узьнікаць у месцах масавай канцэнтрацыі людзей і транспарту (прыпынкі, выхады зь мэтро). Эмацыйнае ўспрыманьне сытуацый будзе вызначацца вялікімі зьмяненьнямі, а ў другой палове дня павышанай трывожнасьцю. Выпраўляючыся ў дарогу, пажадана захапіць сродкі для заспакаеньня».

У сваім ЖЖ-дзёньніку нехта пад нікам Андрэй Фрылаў сёньня занатаваў: «Сыгнал пра тое, што ў Лошыцы адзначаны дохлыя пералётныя птушкі, у нядзелю (18 сакавіка) у першай палове дня паступіў на гарачую лінію Дзяржаўнай інспэкцыі па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету пры Прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь. Паводле дыспэтчара, пазваніў рыбалоў і паведаміў, што на вадасховішчы ў Лошыцы знайшоў 2 мёртвых лебедзяў і 4 качкі. Урач дзяржаўнай вэтэрынарнай станцыі Маскоўскага раёну Менску паказаў здымачнай групе тэлеканалу «СТВ» дакумэнт, які пацьвярджаў факт выкліку вэтэрынараў у Лошыцу. Назвацца і даць больш падрабязную інфармацыю ён адмовіўся. Прасьцей кажучы, ён сказаў: "Нічога мы там не знайшлі, а калі б і знайшлі, то вам нічога б не паведамілі".

На форумах парталу tut.by абмяркоўваецца навіна пра тое, што ад сёньняшняга дня ў Беларусі набываюць моц новыя патрабаваньні да розьнічнага гандлю паводле ўзораў з выкарыстаньнем сеткі Інтэрнэту. Dryhavič камэнтуе: «Яны думалі, што інтэрнэт-даляры пацякуць прэзыдэнту ў кішэню ракой! Яны шмат чаго думалі і зьмянялі, у выніку – зіро баксаў галоўнаму, а Байнэт сёньня жыве апошні дзень! Гэтая гісторыя мне нагадвае гісторыю пра індывідуальных прадпрымальнікаў-гандляроў. Указ нумар 760». Тут жа Dryhavič зьмяшчае жудасныя здымкі расстрэлу кітайскай моладзі ў 2004 годзе за нелегальнае карыстаньне Інтэрнэтам.

Сайт «народных навінаў» з усіх куткоў паведамляе з Баранавічаў: «Па просьбе жыхароў усе моўныя інфарматары на гарадзкіх маршрутах пяройдуць са звыклага "великого и могучего" на паўзабытую родную мову. «Празь некалькі месяцаў праца будзе поўнасьцю завершаная, пачаты працэс ужо незваротны, — лічыць намесьнік дырэктара аўтапарку па агульных пытаньнях і інфармацыйнай працы Іван Лапкоўскі. – Мы зразумелі: беларускамоўнае абвяшчэньне прыпынкаў стане гонарам нашага гораду».

Сёньня на сайце Беларускага блогінгу нехта hexed2 пакінуў такі запіс: «Сёньня праграмаваньне — гэта спаборніцтва паміж праграмістамі, якія спрабуюць пісаць усё больш "дурнеўстойлівыя" праграмы, і прыродай, якая стварае ўсё больш тупых карыстальнікаў. Пакуль што прырода перамагае зь вялікай перавагай”.

На сайце pozirk Кася Запасьнік паведамляе пра новую песьню гурту «УльтраВожык» «Крыніца цяпла», прысьвечаную газаправоду Расея-Эўропа. У ёй ёсьць такія словы: «Няхай пужаюць браты. Бо ведаеш ты — расейцы падохлі б бяз нашай трубы. Сядзелі б там ды нюхалі свой газ. Дык не, палезьлі ж зь ім да нас! Ім тое прадай, ім тое аддай…Ані ў нас бедные, нішчые… Цьфу! Усё роўна мы будзем ў іх газ адбіраць, каб потым на захад яго прадаваць. Каб дабру не прападаць! Газавая труба, квітней на радасьць людзям!» Саму гэтую песьню можна сьцягнуць з сайту гурту па адрасу luka.rocks.it.
XS
SM
MD
LG