Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадня: Ігара Банцара арыштавалі на дзесяць сутак


Радыё Свабода, Горадня Журналіста часопіса “Magazyn Polski na uchodzstwie” Ігара Банцара сёньня пасадзілі на дзесяць сутак па абвінавачаньні ў нецэнзурнай лаянцы. Ён быў затрыманы ўчора ў Горадні і ноч правёў у міліцэйскім ізалятары.

Ігар Банцар расказаў нашаму Радыё, што ў выхадны дзень сутыкнуўся ў цэнтры гораду зь міліцыянтамі, якія былі нападпітку. Яны з тых, што раней затрымлівалі яго пад час палітычных падзеяў, зазначыў Ігар. На наступны дзень ён пайшоў на футбол, дзе тыя ж самыя міліцыянты дзяжурылі, і яго празь нейкі час затрымалі.

Банцар: “Насамрэч, мяне затрымаў маёр Ленец, ён мне сказаў: пройдзем праверыць вашыя дадзеныя, ці вы сапраўды той, кім сябе называеце. Таму, я кажу, гэты чыста палітычнае затрыманьне, як заўжды: затрымалі папросту на падставе таго, каб праверыць дакумэнты, а потым напісалі ў пратаколе як звычайна — ішоў, брудна лаяўся матам”.

У міліцэйскім пратаколе напісана, што Ігар Банцар спачатку непадалёк ад стадыёну нібы “бег на чале групы моладзі і гучна крычаў нецэнзурнай лаянкай”, а потым лаяўся на плошчы Леніна, дзе быў спынены міліцыянтамі.

Рэдактар часопісу “Magazyn Polski na uchodzstwie” Андрэй Пачобут зазначае:

Пачобут: “Сам Банцар зазначае, што гэты пратакол быў зьменены, першпачаткова яны напісалі, што ён ішоў па вуліцы і па тэлефоне размаўляў матам. Карацей, гэта выглядае як помста супрацоўнікаў міліцыі за тое, што ён стаўся сьведкам іхніх паводзінаў”.

Судзьдзя Натальля Козел палічыла сьведчаньні міліцыянтаў абгрунтаванымі і пакарала Ігара Банцара дзесяцідзённым арыштам. Ён яшчэ пасьпеў паведаміць мне па тэлефоне, што зьбіраўся 25 сакавіка паехаць у Менск. Дарэчы, год таму, калі ён вярнуўся са сталіцы, яго таксама арыштавалі на дзесяць сутак.

На здымку: Ігар Банцар перад пачаткам суду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG