Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па ўсім сьвеце адбыліся масавыя антываенныя дэманстрацыі


Кастусь Бандарук, Прага Напярэдадні чацьвертай гадавіны пачатку вайны ў Іраку, якая прыпадае на аўторак, 20 сакавіка, у ЗША і ў шэрагу краінаў сьвету адбыліся бурныя антываенныя дэманстрацыі.

“Вярніце салдат дамоў!”

Масавыя дэманстрацыі супраць вайны ў Іраку пачаліся ў пятніцу ў Вашынгтоне. Пасьля набажэнства ў Нацыянальным катэдральным саборы тысячы чалавек з электрычнымі сьвечкамі ў руках прайшлі ля Белага Дому.

На наступны дзень дэманстранты накіраваліся да Пэнтагону, аднак паліцыя перагарадзіла ім дарогу. На мітынгу, у якім бралі ўдзел 50 тысяч чалавек, выступіла маці загіблага ў Іраку салдата, неафіцыйная кіраўніца антываеннага руху ў ЗША Сынды Шыган. Дэманстранты патрабавалі адстаўкі прэзыдэнта Буша і вываду войскаў з Іраку. Удзельнікі аналягічнай акцыі ў Нью Ёрку выкрыквалі: “Чатыры гады – гэта зашмат. Вярніце салдат дамоў!”

Антываенныя дэманстрацыі з патрабаваньнем заканчэньня крывавай вайны ў Іраку адбыліся ў іншых буйных амэрыканскіх гарадох, такіх як Сан-Францыска й Сан-Дыега.

М.Шын: “Гэты ўрад не прадстаўляе народ. Усе яны павіны сядзець у турме”.
У пратэсьце ў Лос-Анджэлесе ўзялі ўдзел 6 тысяч чалавек, у тым ліку – вядомыя акторы. Марцін Шын, вядомы сваёй роляй у фільме Фрэнсіса Форда Копалы “Апакаліпсіс цяпер”, прысьвечаным віетнамскай вайне, заявіў:

“Гэты ўрад не прадстаўляе народ. Ён сапсаваў нам рэпутацыю. Ён даў нам бессаромную вайну. Там няма ніякага кіраўніцтва і ніякага даверу да яго. Усе яны зганьбіліся. Усе яны павіны сядзець у турме. Усе”.

400 тысяч чалавек у Мадрыдзе патрабавалі закрыць лягер у Гуантанама

У Эўропе дэманстрацыі супраць вайны ў Іраку адбыліся ў шэрагу гарадоў, у прыватнасьці – у Празе, Афінах і Капенгагене. Самымі шматлюднымі былі дэманстрацыі ў Гішпаніі, урад якой на чале з сацыялістамі згодна зь перадвыбарчым абяцаньнем вывеў свой кантынгент з Іраку. Дарэчы, 15 сакавіка 2003 году, яшчэ да пачатку вайны, мільён гішпанцаў пратэставаў супраць плянаванай ваеннай апэрацыі ЗША ў Іраку.

Усяго ў Гішпаніі адбылося каля 100 дэманстрацыяў, найбуйнейшая зь іх – у Мадрыдзе, дзе, паводле арганізатараў, на вуліцы выйшла каля 400 тысяч чалавек. Гішпанцы, у прыватнасьці, патрабавалі закрыць лягер для затрыманых на базе Гуантанама на Кубе. Адзін з удзельнікаў акцыі, рэжысэр Пэдра Альмадовар, заявіў:

П.Альмадовар: “Ужо сапраўды абрыдла кожны дзень чытаць у газэтах пра колькасьць загіблых і адчуваць сябе пры гэтым бездапаможным”.
“Паводле Буша, гэта мела быць хуткая вайна. Яна мела доўжыцца ўсяго пару тыдняў, але атрымаліся чатыры гады. Па-мойму, ужо сапраўды абрыдла кожны дзень чытаць у газэтах пра колькасьць загіблых у Іраку і адчуваць сябе пры гэтым такім бездапаможным. Для мяне гэта жахліва”.

Дэманстравалі і ў краінах-хаўрусьніцах ЗША

“Буш, Скажы, колькі дзяцей ты забіў”, – выкрыкваў натоўп у Стамбуле. Каля тысячы чалавек ў Сэуле патрабавалі неадкладнага вываду з Іраку паўдзённа-карэйскага кантынгенту. Антываенныя дэманстрацыі адбыліся таксама ў Японіі і Аўстраліі, якія актыўна падтрымліваюць Злучаныя Штаты ў Іраку.

Паводле аглядальнікаў, сёлета антыванных дэманстрацыяў напярэдадні гадавіны пачатку вайны ў Іраку па ўсім сьвеце было меней, чым год таму, і яны былі заўважна меншымі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG