Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначаецца гадавіна прэзыдэнцкіх выбараў?


Алесь Дашчынскі, Менск Год таму ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Той дзень завяршыўся масавым мітынгам пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

Сёньня ніякіх афіцыйных мерапрыемстваў з нагоды гадавіны чарговай перамогі Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі ня ладзілася. Чаму, патлумачыла старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына:

“У нас не адзначаецца гадавіна выбараў. Ніколі не адзначалася, таму звычайны працоўны дзень. Што да афіцыйных, дзяржаўных мерапрыемстваў, то ніколі нічога падобнага ў гісторыі Рэспублікі Беларусь не праводзілася. У цэлым народ Рэспублікі Беларусь не пашкадаваў пра свой выбар”.

Аляксандар Лукашэнка вярнуўся з адпачынку ў Сочы, і сёньня ў яго таксама звычайны працоўны дзень. Кіраўнік прэзыдэнцкай прэс-службы Павал Лёгкі сказаў: “Звычайны працоўны дзень. Я не пярэчу, калі вы нейкім чынам гэта адсьвяткуеце”.

Лідэр Партыі камуністаў Беларускай Сяргей Калякін мяркуе, што ў Аляксандра Лукашэнкі няма нагоды для сьвяткаваньня: “Ён ведае, што ў мінулым годзе ён страціў у грамадзтве падтрымку, а ў гэтым годзе яна яшчэ меншая, чым была... Я сёньня падыду на плошчу разам з кіраўнікамі іншых партыяў, каб успомніць, што было год таму”.

А восьмай вечара актывісты моладзевага дэмакратычнага руху мяркуюць наладзіць флэш-моб у Менску на Кастрычніцкай плошчы. Удзельнікі акцыі мяркуюць пастаяць некалькі хвілінаў на плошчы безь сьцягоў і транспарантаў. Кіроўцам аўтамабіляў прапануюць сыгналіць на знак салідарнасьці.

Згадваючы масавы мітынг пратэсту супраць фальшаваньняў вынікаў выбараў, які адбыўся год таму на плошчы, Аляксандар Мілінкевіч сказаў:

“Гэта дзень, калі беларусы прадэманстравалі, што яны ёсьць – і сабе самім, і вонкі. Я лічу, што гэта велізарны посьпех, што ёсьць людзі, якія цэняць незалежнасьць і свабоду. Адносіны ў нас саміх зьмяніліся да нас. І больш надзеі стала на перамены. Вось я лічу, што гэты дзень важны вельмі”.

На сядзібе БНФ сёньня праходзіць кінафэстываль “За свабоду”. Аднак, як кажуць прадстаўнікі аб’яднанай дэмакратычнай апазыцыі, асноўныя мерапрыемствы перанесеныя на Дзень Волі, 25 сакавіка.

***

Тыдзень салідарнасьці зь Беларусьсю, прымеркаваны да гадавіны прэзыдэнцкіх выбараў, пройдзе ў шэрагу эўрапейскіх краінаў. Акцыі працягнуцца да 25 сакавіка. Да прыкладу, сёньня ў Чэхіі адкрыецца выстава “Выбар бяз выбару. Беларусь – сакавік 2006”. У Дрэздэне пакажуць фільм Юр’я Хашчавацкага “Плошча”.
XS
SM
MD
LG