Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўправе Партыі БНФ праходзіць кінафэстываль-маратон “Вясна-2006”


Альгерд Невяроўскі, Менск Фэст прысьвечаны леташнім падзеям у Менску, калі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў тысячы людзей выйшлі на вуліцу, каб адстаяць свой выбар і свабоду. У праграмным паказе тры дакумэнтальныя фільмы — “Плошча” Юр’я Хашчавацкага, “Урокі беларускай мовы” польскага рэжысэра Міраслава Дэмбіньскага і прэм’ера першай часткі фільму Сяргея Патаранскага “Ў сьнягах драмае вясна”.

Арганізатарам кінафэстывалю “Вясна-2006” выступіла Партыя БНФ. Гаворыць адзін з ініцыятараў Франак Вячорка:

“19 сакавіка мы адзначаем гадавіну Плошчы, гадавіну пачатку пратэстаў на Кастрычніцкай плошчы ў 2006 годзе. І гэтым фэстывалем мы спрабуем згадаць тое, што было год таму, ды заклікаць людзей паўтарыць, ці хаця б працягнуць тое, што пачалося 365 дзён таму.

Мы маем тры стужкі, зьнятыя па матывах тых падзеяў. Гэта стужкі Юр’я Хашчавацкага “Плошча”, Міраслава Дэмбіньскага “Урок беларускай мовы” і прэм’ерная стужка “Ў сьнягах драмае вясна”. У Беларусі не было прэзэнтацыі ніводнага з гэтых фільмаў. Так мы хочам афіцыйна прэзэнтаваць гэтыя стужкі беларускаму гледачу”.

Паводле Франака Вячоркі, усе гэтыя стужкі дэманструюць розныя аспэкты сакавіцкіх падзеяў 2006 году.

Міраслаў Дэмбіньскі паказаў беларускую моладзь у часе тых падзеяў, мэнтальную барацьбу маладых беларусаў за свабоду.

Фільм Юр’я Хашчавацкага “Плошча” ў саркастычным стылі паказвае супрацьстаяньне моладзі гвалту ўладаў, а Сяргей Патаранскі ў жанры псыхалягічнай драмы дэманструе сьветапогляды розных сацыяльных і палітычных групаў беларускага народу.

Кінарэжысэр Юры Хашчавацкі гаворыць пра герояў свайго фільму:

“Гэта людзі, якія думалі і думаюць пра лёс Беларусі як незалежнай краіны. Са сваёй культурай, мовай. Гэта людзі заклапочаныя будучыняй нацыі, гэта вельмі годныя людзі. Я спрабаваў зразумець, чым для гэтых людзей стала Плошча. Мне падалося, што гэтыя людзі набылі дадатковую духоўную, маральную сілу, якая ўмацоўвае іх у далейшай барацьбе”.

XS
SM
MD
LG