Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рабочыя менскага “Тэрмаплясту” запатрабавалі падвышэньня заробкаў


Ігар Карней, Менск Сёньня каля сотні рабочых менскага заводу “Тэрмапляст” запатрабавалі ад адміністрацыі прадпрыемства падвыcіць заробкі. Як апавёў нашаму карэспандэнут адзін з удзельнікаў стыхійнага страйку, заробак кваліфікаванага работніка складае ў эквіваленце 200 даляраў.

Ніводзін з кіраўнікоў менскага заводу “Тэрмапляст” не захацеў камэнтаваць падзеі, што адбыліся раніцай. У прыёмным пакоі толькі заявілі, што сёньня канвэер прадпрыемства не спыняўся.

Аднак адзін з удзельнікаў імправізаванага страйку апавёў, што раніцай ініцыятары размовы з кіраўніцтвам “Тэрмаплясту” затэлефанавалі на гарачую лінію тэлеканалу ОНТ, каб агучыць патрабаваньні да адміністрацыі ў прысутнасьці журналістаў. Аднак здымачная група да месца падзеяў не даехала, кажа страйковец з “Тэрмаплясту”:

“Шчыра кажучы, гэта зусім невялікі быў страйк, народу было ня вельмі шмат. Але паказальна ўжо тое, што людзі пачалі выходзіць і ня так моцна баяцца. Выйшлі, неяк спрабавалі дамагчыся свайго, патрабавалі... Перадусім, прычынай тое, што заробкі вельмі нізкія на прадпрыемстве. І не відаць ніякіх пэрспэктываў разьвіцьця, бо асноўныя фонды ўсе ўжо зношаныя. Выжываюць з таго, што здаюць памяшканьні ў арэнду”.

“На тэрыторыі заводу ўсё адбывалася?”

“Так, людзі стаялі ля ўваходу на тэрыторыю заводу”, — кажа работнік.

Мой суразмоўца паведаміў, што страйк быў прыпынены, калі кіраўніцтва заводу пагадзілася разгледзець патрабаваньні рабочых і сабрала начальнікаў цэхаў, каб знайсьці спосабы падвышэньня расцэнак на ўчастках, дзе заробкі не перавышаюць у эквіваленце 200 даляраў.

Адзін з прадстаўнікоў прафсаюзнага руху Беларусі Генадзь Быкаў прагназуе, што хваля незадаволенасьці можа крануць бальшыню беларускіх прадпрыемстваў, якія існавалі коштам дзяржаўнай падтрымкі:

“Я думаю, што да лета ўвогуле на мяжы спыненьня будуць тыя прадпрыемствы, якія сядзелі на датацыях, на крэдытах. То бок, тыя, якія самі грошай фактычна ўжо не зараблялі. Але галоўнае ва ўсім гэтым не “жалеза”, не станкі, а людзі, кадры. Прамысловасьць фактычна памірае ў Беларусі. І, паверце, вельмі цяжка і балюча на ўсё гэта глядзець, бачыць гэта на ўласныя вочы”.

У лепшы час на менскім “Тэрмаплясьце” прадукаваўся вялікі спэктар спажывецкіх тавараў — ад мыльніцаў, фэнаў і плоек да буйнагабарытных літых формаў для прамысловасьці. Цяпер, як кажуць на прадпрыемстве, існуюць вялікія праблемы са збытам.

Апроч таго, нэгатыўна паўплывала істотнае падвышэньне коштаў на энэрганосьбіты. Як і шэраг іншых буйных сталічных прадпрыемстваў, “Тэрмапляст” выжывае коштам сродкаў, што атрымлівае ад здачы ў арэнду камэрцыйным структурам адміністрацыйных плошчаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG