Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Мікалай Ільніцкі (11.10.1948, в. Баранава, Полацкі раён — 6.11.2006, Полацак)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Наагул я даволі скептычна стаўлюся да астролягаў і ўсякіх прадказаньняў. Але ёсьць сярод шматлікай браціі зьвездароў, як называлі адмыслоўцаў гэтае дакладнае навукі нашыя продкі, асоба, што выклікае ў мяне толькі ўдзячныя пачуцьці. Гаворка ідзе пра Васіля Нямчына, які, жывучы шэсьцьсот гадоў таму, паабяцаў нашаму зь ім роднаму Полацку ў ХХІ стагодзьдзі зноў зрабіцца сталічным горадам.

Я ведаю яшчэ аднаго чалавека, якому гэтае прароцтва надзвычай падабалася. Але нават калі б яго, прароцтва, і не было, Мікалай Ільніцкі, безумоўна, зрабіў бы для Полацку ня менш.

Можна любіць нашу першую сталіцу па-рознаму. Зьбіраць пра яе паштоўкі. Прывозіць туды сяброў і праводзіць для іх натхнёныя экскурсіі. Здымаць пра калыску беларускай дзяржаўнасьці, гісторыі і культуры фільмы і пісаць кнігі. Ствараць праекты рэстаўрацыі страчаных помнікаў. Любоў Мікалая Ільніцкага была ці ня самая складаная ў сваім ажыцьцяўленьні.

Пятнаццаць гадоў ён узначальваў Полацкі нацыянальны гістарычна-культурны запаведнік. Немагчыма нават уявіць, колькі за гэты час яму давялося пераадолець бюракратычных рагатак, колькіх чыноўнікаў рознага рангу пераканаць у сваёй праўдзе, колькі людзей зрабіць сваімі аднадумцамі... Я з вусьцішшу думаю, што здарылася б, каб у 1991-м на гэтую пасаду прыйшоў ня ён. Ці меў бы горад цяпер помнікі Эўфрасіньні і Сімяону Полацкаму? Ці адчыніўся б Сімяонаў Музэй-бібліятэка, на думку спэцыялістаў, магчыма, найлепшы музэй такога кшталту ўва ўсёй Эўропе? Ці атрымала б краіна створаную ў адным з адрэстаўраваных будынкаў былой Полацкай акадэміі мастацкую галерэю, дзе наведніка чакаюць унікальныя ўніяцкія абразы і выдатны збор нацыянальнага мастацтва ХХ стагодзьдзя? А першы ў Беларусі Дзіцячы музэй з экспанатамі, якія можна пакруціць у руках?.. Верагодна, нешта з гэтага толькі пачатага пераліку і зьявілася б без Ільніцкага, але ўсяго разам — упэўнены — не было б.

Шмат у чым дзякуючы менавіта яму даўняе прадбачаньне пачало зьдзяйсьняцца: Полацак зь яго запаведнікам, Сафійскім саборам, Спаса-Эўфрасіньнеўскім манастыром, больш чым дзясяткам музэяў, зь яго ўнівэрсытэтам, што пакрысе таксама пераязджае ў колішнія акадэмічныя муры, няўхільна становіцца адной з культурных і духоўных сталіц краіны.

Мікалай Мікалаевіч з паўслова разумеў нас з фотамастаком Сяргеем Плыткевічам у часе працы над кнігаю “Ад Полацку пачаўся сьвет”. На яе прэзэнтацыі ўвесну 2006-га мы і сустрэліся апошні раз — у той цудоўнай залі Музэя-бібліятэкі, дзе пры Ільніцкім, ужо ў часы пісаных і няпісаных забаронаў, сустракаліся з чытачамі рэдакцыі “Нашае Нівы” і “ARСHE”, сьпявалі Зьміцер Бартосік і Віктар Шалкевіч...

Для Ільніцкага сьвет таксама пачынаўся ад Полацку. Ён не пасьпеў сустрэцца на Верхнім замку з бронзавым Ўсяславам Чарадзеям. Не прайшоў па вуліцах, названых імёнамі не бальшавікоў, а знакамітых палачанаў. Не пасьпеў зьдзейсьніць свае мары пра новыя музэі — гісторыі гораду і археалёгіі... Найлепшай памяцьцю пра яго будзе працяг ягонае справы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG