Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няхай апазыцыя зробіць справаздачу за дванаццаць мінулых гадоў”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. У гэтыя дні беларуская апазыцыя рыхтуецца да традыцыйнай масавай акцыі 25 сакавіка і адначасова працягвае спрэчкі наконт мэтазгоднасьці новага Кангрэсу дэмакратычных сілаў і пераабраньня апазыцыйнага лідэра.

На гэтую ж тэму значная частка нашай пошты апошняга тыдня. Адзін з такіх лістоў, аўтар якога Янка Каляда зь вёскі Лепаўшчына Вялейскага раёну:

“Леха Валэнсу не прызначалі на кангрэсах ці канфэрэнцыях — ён сам стаў народным лідэрам, бо здолеў павесьці за сабой людзей. У Беларусі таксама ёсьць такі лідэр. Ён паказаў сябе перад прэзыдэнцкімі выбарамі (а потым і падчас, і пасьля тых выбараў). І ў зьняволеньні ён таксама працягвае змагацца і паказваць, што здольны стаць сапраўдным агульнанацыянальным кіраўніком.

Улада яго, Казуліна, баіцца: нездарма яму далі такі тэрмін, каб ён ня выйшаў з турмы да наступных прэзыдэнцкіх выбараў.

А на вылучаныя Эўразьвязам умовы Лукашэнка ніколі ня пагодзіцца, бо гэта для яго — сьмяртэльная небясьпека. І ён адкрыта і шчыра пра гэта кажа, называючы прапановы Эўразьвязу і ЗША непрымальнымі і абсурднымі. З усяго, што ад яго патрабуюць, ён пойдзе, можа, толькі на вызваленьне палітвязьняў (нездарма апошнім часам загаварылі пра амністыю). І тое, хутчэй за ўсё, у вызваленых возьмуць падпіску аб далейшым няўдзеле ў палітыцы.

Але гэтак жа, як сёньня зьнікае сьнег і хутка ажывае прырода, так зьнікне дыктатура і ажыве беларускі народ. Гэта непазьбежна адбудзецца — рана ці позна”.

Працэсы, якія адбываюцца цяпер у асяродзьдзі беларускай апазыцыі, цікавяць і нашага слухача Валера Грыцука зь Менску. У лісьце ён піша:

“Апазыцыянэры зноў пачынаюць дзяліць крэслы. А галоўнае, што Мілінкевіч заняў пазыцыю дыктатара. Калі ён цяпер ТАК сябе паводзіць, то якім жа будзе прэзыдэнтам? Але галоўнае, ён ня мае маральнага права на такую паставу. РУХУ ён НЕ стварыў! Сустракаецца зь людзьмі ў рэгіёнах — гэта добра, але выніку НЯМА. Пераманьвае несумленна сяброў партыяў…

Сямнаццаць гадоў я актыўна змагаюся за дэмакратычную Беларусь і бачу, як фармальныя лідэры коўзаюцца ў адным і тым жа коле. Лічу, што кангрэс павінен адбыцца ў найбліжэйшы час. І найперш трэба, каб дэлегаты пачулі дзьве справаздачы: Мілінкевіча і (асобна) — Лябедзькі, Вячоркі, Калякіна, Шушкевіча, а ад БСДП Анатоля Сідарэвіча. І няхай яны зробяць справаздачу за дванаццаць гадоў.

Без разьліку, аналізу, разуменьня, шчырага жаданьня працаваць на эфэкт ніякай дэмакратыі ў Беларусі ня будзе”.

У асяродзьдзі апазыцыі і апазыцыйных лідэраў няма адзінага меркаваньня наконт мэтазгоднасьці чарговага Кангрэсу дэмсілаў. Гэту тэму мы даволі падрабязна асьвятляем у эфіры “Свабоды”, даючы магчымасьць выказацца і прыхільнікам, і праціўнікам ідэі. Варта заўважыць: упэўненасьці ў тым, што гэты чарговы сход здолее кардынальным чынам паўплываць на сытуацыю ў апазыцыі, ня маюць нават самыя заўзятыя прыхільнікі кангрэсу.

Што да вашых, спадар Грыцук, сьцьвярджэньняў пра тое, што Мілінкевіч, як вы пішаце, “заняў пазыцыю дыктатара” — то гэта выглядае яўным перабольшаньнем. Памяркоўнага, інтэлігентнага і дыпляматычнага Мілінкевіча дыктатарам не наважваюцца называць нават ягоныя зацятыя апанэнты і афіцыйныя мэдыі.

Кастусь Сырэль з Вушачаў ліст напісаў, пачуўшы у нашым эфіры паведамленьне пра тое, што ў Беларусі штогод канчаюць жыццё самагубствам каля 3000 чалавек.

“На жаль, самыя праўдзівыя лічбы мала што могуць сказаць, калі няма з чым іх параўнаць. Таму хацеў бы крыху дапоўніць хаця б нашым мясцовым, вушацкім матэрыялам. Да прыкладу, у 1929 годзе ў Вушацкім раёне выпадкаў суіцыду не было зусім. Чаму я бяру менавіта 1929 год? Бо за іншыя даваенныя гады амаль усе раённыя архівы былі страчаныя падчас вайны.

У 1944-м і 1945-м самазабойстваў таксама не было. У 1946-м — адзін выпадак (наклаў на сябе рукі інвалід першай групы). Далей колькасць самазабойцаў паступова павялічваецца, і ў 1970 годзе дасягае ажно дваццаці. Насельніцтва раёну ў 1970 годзе складала каля 30 000 чалавек.

Колькі сканчае самагубства жыхароў раёну ў апошнія гады — дакладных лічбаў ня маю. Але такія выпадкі даволі частыя. Яны ўсе на слыху, таму што насельніцтва раёну на сёньня зусім невялікае і складае ўсяго 18 600 чалавек: ледзь ня ўсе адзін аднаго ведаюць.

Дарэчы, не было ў 1929 годзе ў раёне ніводнага тапельца, а цяпер гэта звычайная зьява (утапіцца ў нас, паверце, было і ёсць дзе: у раёне каля 250 азёр). Не было ніводнай нярэдкай цяпер сьмерці з дыягназам, які сёння завецца “атручваньне этылавым алькаголем”. Не было ніводнага забойства, а сёння гэта частая зьява.

Няшчасных выпадкаў у 1929 годзе было два: адзін мужчына “згарэў на пажары”, другога, дванаццацігадовага хлопчыка, “забіла ў лесе паваленым дрэвам”. Вось такая невясёлая статыстыка…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG