Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад прапаноўвае скасаваць “залатую акцыю” на некаторых прадпрыемствах


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных СМІ за 19 сакавіка

Гэта быў бы вельмі сур’ёзны сыгналь для замежных інвэстараў"

Газэта «Белорусы и рынок» сёньня дасьледуе, якім чынам кранае Беларусь канфлікт Масквы і Вашынгтона вакол разьмяшчэньня элемэнтаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны ў Эўропе. Выданьне піша, што кіраўніцтва Беларусі трымае алімпійскі спакой, хаця Масква мае пляны выкарыстоўваць тэрыторыю гэтак званага саюзьніка для ўласнай бясьпекі.

“На некаторых акцыянэрных прадпрыемствах краіны мажліва ўжо сёлета скасуюць “залатую” акцыю дзяржавы”, – паведамляе тыднёвік “Беларусы і рынак”. Такія прапановы зьявіліся ва ўрадзе краіны. Гаворыць аўтар публікацыі Тацяна Манёнак:

“Гэта быў бы вельмі сур’ёзны сыгналь для замежных інвэстараў на тое, што Беларусь сапраўды мяркуе праводзіць эканамічныя рэформы. Плянуе праводзіць грунтоўную прыватызацыю”.

“Дыялёгу не атрымалася"

Тэмай “БелГазеты” зьяўляецца дыялёг між афіцыйным Менскам і Эўропай. 15 сакавіка ў будынку Нацыянальнай бібліятэкі адбыўся сэмінар, у якім бралі ўдзел прадстаўнікі ўлады, часткі апазыцыі і кіраўніцы працоўнай групы Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ па Беларусі Уты Цапф. Высновы робіць аўтар публікацыі Віктар Мартыновіч:

“Дыялёгу не атрымалася. Спадзявацца на гэта было бессэнсоўна. Бакі не гутарылі між сабою, а проста сварыліся. Альбо выступалі па чарзе і казалі дыямэтральна супрацьлеглыя рэчы”.

Таксама сёньня “БелГазета” паведамляе пра скарачэньне банкаўскіх дэпазытаў насельніцтва ў беларускіх рублях. “Людзей насьцярожвае рост інфляцыі”, канстатуе выданьне і даводзіць, што “пры выбары дэпазыту перавага застаецца на баку валюты – больш цьвёрдай, чым беларускі рубель”.

"Крама цяпер сьветлая і ўтульная"

Сёньня незалежны рэгіянальны тыднёвік “Альтанка” зь Белаазёрску піша пра аднаўленьне ў горадзе кніжнага гандлю. Са словаў рэдактара Зьміцера Трацяка, пасьля таго, як збанкрутаваў у гэтай справе Райспажыўсаюз, кнігі прадае прыватнік:

“Крама была самотная і шэрая. Спадар Адамчук з горада Слоніма зрабіў больш цікавы інтэр’ер, пашырыў асартымэнт. Крама цяпер сьветлая і ўтульная”.

Зьміцер Трацяк кажа, што ў Белаазёрску цяпер прадаюць і творы беларускіх пісьменьнікаў.
XS
SM
MD
LG