Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь займае пятае месца ў сьвеце па тэмпах сьмяротнасьці


Ігар Карней, Менск Згодна з прагнозамі экспэртаў ААН, нягледзячы на высілкі кіраўніцтва краіны да 2050 году насельніцтва Беларусі скароціцца амаль на 30% і складзе меней за 7 мільёнаў чалавек.

Паводле штогадовага дасьледаваньня экспэртаў ААН, Беларусь уваходзіць у пяцёрку краінаў, якім пагражае паступовае выміраньне. У Эўропе горшае становішча толькі ў Баўгарыі і Ўкраіне, дзе насельніцтва да 2050 году зьменшыцца на 35% і 33% адпаведна. Зь іншых тэрыторый наперадзе Беларусі толькі Гаяна з 35% і Грузія, дзе да згаданага часу насельніцтва паменее на 28,7%.

З улікам цяперашняй адмоўнай дынамікі прыросту, колькасьць жыхароў Беларусі ад сучасных амаль 10 мільёнаў да сярэдзіны стагодзьдзя скароціцца да 6 мільёнаў 960 тысяч (зьніжэньне на 28%). Праўда, у Міністэрстве статыстыкі і аналізу Беларусі не бяруцца камэнтаваць такія доўгатэрміновыя прагнозы спэцыялістаў ААН:

“Калі гэта міжнародныя прагнозы, то і прэрагатыва гэта, перадусім, міжнародных арганізацый. Магчыма, нашае Міністэрства эканомікі штосьці і падлічвае (бо прагнозамі ў межах нават краіны займаецца гэтае ведамства), але ў нашай статыстыцы ніякіх такіх лічбаў няма. І нам гэтае дасьледаваньне нават не паступала для азнаямленьня, для агульнага разьвіцьця...”

На канец 1990 году ў Беларусі было 10 мільёнаў 190 тысяч чалавек, паказьнік натуральнага прыросту складаў 32 тысячы. Паводле Мінстату, на 1 студзеня 2007 году ў Беларусі жыве 9 мільёнаў 714 тысяч жыхароў. Але ў графе, дзе раней стаяў “плюс”, цяпер “мінус”. Адмоўная дыспрапорцыя – у 42 тысячы чалавек. Адкат ад 10-мільённай мяжы прыпадае на 2000 год.

Сярод асноўных прычынаў, якія вядуць да зьмяншэньня колькасьці насельніцтва ў Беларусі, дэмаграфічныя зьмены, характэрныя для бальшыні краінаў. Перадусім, паступовы пераход ад пэрыяду высокай сьмяротнасьці і нараджальнасьці да пэрыяду нізкай сьмяротнасьці і нізкай нараджальнасьці.

Адна з кіраўніцаў Асацыяцыі шматдзетных сем’яў Менску Вольга Кручына кажа, што пакуль дзяржава не забясьпечыць матэр’яльныя гарантыі, аб’ектыўных падставаў да дэмаграфічнага выбуху ня будзе:

“Калі б ільготы былі насамрэч рэальныя, то, пэўна, жанчыны нараджалі б. Але баяцца нараджаць, бо ведаюць, што не пракормяць, ня змогуць апрануць дзіця. Прыкладам, школьнага харчаваньня зараз кранулася – ня ўсе шматдзетныя могуць яго атрымаць; патрабуецца мноства даведак, трэба пераканаць, што ты малазабясьпечаны. Хоць я думала, што шматдзетныя ў нашай краіне ўжо малазабясьпечаныя з-за таго, што шмат дзяцей, і адна маці чацьвёра дзяцей ня можа пракарміць. Але, аказваецца, яшчэ ёсьць тыя, хто ў гэтым сумняецца. А такімі адносінамі забіваюць нацыю, зьнішчаюць на корані. І я не выключаю, што праз 30-50 гадоў Беларусі як такой ня будзе”.


Імкліваму зьмяншэньню насельніцтва Беларусі спрыяюць ня толькі аб’ектыўныя фактары кшталту наступстваў катастрофы на ЧАЭС, але й залежнасьць ад шкодных звычак.

На ўліку наркалягічных службаў блізу 200 тысяч хранічных алькаголікаў, якія аб’ектыўна ня могуць лічыцца генафондам нацыі. Штогод ад алькагольных атручваньняў памірае 37 тысяч чалавек. Апроч таго, 42% беларусаў паляць, у выніку чаго яшчэ 15,5 тысяч кожны год паміраюць ад хваробаў, выкліканых паленьнем.

Большае сьмяротных выпадкаў сярод наркаманаў. Колькасьць ВІЧ-інфікаваных на студзень 2007 году склала 7 747 чалавек; асноўныя носьбіты інфэкцыі – нарказалежныя. Упершыню ў 2006 годзе большая палова атрымала хваробу ня ў выніку шпрыцавых ін’екцый, а полавым шляхам – 63% ад агульнай колькасьці упершыню выяўленых хворых. Чакаць ад такіх сувязяў здаровага патомства таксама не выпадае.

Паводле прагнозаў ААН, да 2050 году палова насельніцтва Зямлі будзе жыць у густанаселеных зонах, якія тэрытарыяльна прыпадаюць на Індыю, Пакістан, Бангладэш, Нігерыю, Дэмакратычную Рэспубліку Конга, Эфіёпію, Кітай і ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG