Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто здолее якасна адрэстаўраваць мэдычную акадэмію ў Горадні?


Сяргей Астраўцоў, Горадня Гарадзенскія ўлады нарэшце вырашылі выселіць вайсковую камэндатуру з парку імя Эмануіла Жылібэра ў Старым горадзе. Вайскоўцы займалі адзін з асноўных помнікаў архітэктуры — камяніцу былой мэдычнай акадэміі часоў апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Разам з тым паўстае праблема рэстаўрацыі будынку. Хто здолее якасна гэта зрабіць?

Камяніца мэдычнай акадэміі была пабудаваная ў былым прадмесьці Гарадніца каралеўскім старастам Антоніем Тызэнгаўзам. З савецкіх часоў там былі камэндатура, вайсковы суд і пракуратура, ды яшчэ гаўптвахта.

На пачатку 90-х гадоў у горадзе апусьцелі некалькі вайсковых гарадкоў, месца для камэндатуры хапала, улады вырашылі яе выселіць, але не націснулі, таму вярнуліся да свайго рашэньня толькі цяпер.

Гісторык архітэктуры Ігар Трусаў успрыняў гэтую навіну крыху скептычна.

Трусаў: “Гэты будынак знаходзіцца ў дастаткова аварыйным стане. Гэта значыцца, яны яго эксплюатавалі такім чынам, што ўжо і самім там стала неяк некамфортна знаходзіцца”.

Трэба сказаць, што абстаноўка ўнутры камяніцы ХVІІІ стагодзьдзя — як у казарме. Архітэктар Роланд Жамойцін адзначае, што ў Горадні ў гістарычных будынках нідзе не захаваныя інтэр’еры, усе яны зьнішчаны.

Хто і наколькі якасна зможа зрабіць праект аднаўленьня мэдычнай акадэміі каралеўскіх часоў? Складанае пытаньне, лічыць Ігар Трусаў. Напачатку 90-х гадоў у горадзе існавалі праектныя рэстаўрацыйныя майстэрні, у якіх працаваў ён сам. Потым улады іх скасавалі.

Трусаў: “Там было падвышэньне кваліфікацыі, там была вучоба. Цяпер гэтым ніхто не займаецца. Нам перадаць веды свае, навыкі, уменьне — няма каму. Гэта самае крыўднае, што здарылася”.

Дарэчы, у трохпавярховай камяніцы рэстаўратараў сёньня разьмяшчаецца КДБ.

Архітэктар Роланд Жамойцін гаворыць: стары дом патынкавалі, пафарбавалі і звычайным людзям гэта падабаецца. Аднак гэта касмэтычны рамонт, а не сапраўдная рэстаўрацыя, зазначае ён.

Жамойцін: “З пункту гледжаньня архітэктара-мастака мне спадабаўся горад, калі я прыехаў сюды за саветамі. Яго не чапалі асабліва, ён быў, можа, аблезлы, але маляўнічы і неяк павявала даўніной. Цяпер гэтага не адчуваеш. Увогуле, трэба ж арыентавацца на спэцыялістаў. Не яны дыктуюць, не архітэктары, не мастакі, не гісторыкі, не пісьменьнікі. Чынавенства”.

Роланд Жамойцін гаворыць, што з калегамі часта абмяркоўвае зьмены, што адбываюцца ў Старым горадзе, але паўплываць на іх рэальна яны ня могуць.



На здымку: прыклад адрэстаўраванага лямуса ХVІІІ стагодзьдзя ў парку Жылібэра на Гарадніцы. Унутраны інтэр’ер не захаваўся.
XS
SM
MD
LG