Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Драгічыне ў актывістак Партыі БНФ канфіскавалі друкаваную прадукцыю


Радыё Свабода У Драгічыне 18 сакавіка былі затрыманыя дзьве актывісткі Партыі БНФ. Як паведаміў старшыня абласной арганізацыі Партыі БНФ Юрый Губарэвіч, Галіна Паўлава і Людміла Перадрыйчук на цэнтральным рынку райцэнтру раздавалі людзям віншаваньні да 89-й гадавіны ўтварэньня БНР (25 сакавіка), надрукаваныя на прынтэры ў іх пярвічнай арганізацыі, а таксама зварот да беларускага народу, выдадзены ў Смаленску.

Прыкладна каля 11 гадзіны да іх падышлі міліцыянты, якія даставілі актывістак у аддзяленьне. У 12.40 яны былі адпушчаныя без складаньня пратаколу. У актывістак апазыцыйнай партыі канфіскавалі 150 асобнікаў віншаваньняў і 90 зваротаў да беларускага народу.

"Можна сказаць, што сёньняшняе затрыманьне дапоўніла карціну, якую мы бачым па ўсёй рэспубліцы: "адлоў" актывістаў дэмакратычнага руху, якія распаўсюджваюць друкаваную прадукцыю. Не выключаю, што падобнае можа адбыцца гэтымі днямі і ў іншых рэгіёнах вобласьці", -- заявіў Ю.Губарэвіч БелаПАН.

Палітык паведаміў, што абласная арганізацыя Партыі БНФ не падавала заявак на правядзенне 25 сакавіка масавых акцый. На гэты дзень заплянаваны шэраг культурных і інфармацыйных мерапрыемстваў. Многія актывісты партыі маюць намер стаць удзельнікамі акцый, якія 25 сакавіка пройдуць у Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG