Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: "Гэты год – год аптымізму"


Уладзімер Глод, Менск У выбарах 19 сакавіка удзельнічалі Сяргей Гайдукевіч, Аляксандар Казулін, Аляксандар Лукашэнка і Аляксандар Мілінкевіч. Лукашэнка атрымаў права балятавацца неабмежаваную колькасьць разоў на рэфэрэндуме 2004 году

Паводле афіцыйных дадзеных Цэнтральнай выбарчай камісіі, за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 83,0% грамадзянаў, з тых, што ўдзельнічалі ў галасаваньні. Гэтая лічба застаецца і дагэтуль на афіцыйным сайце Цэнтарвыбаркаму. Аднак 23 лістапада 2006 году Аляксандар Лукашэнка, прымаючы групу ўкраінскіх журналістаў, адзначыў:

“Так, мы сфальшавалі мінулыя прэзыдэнцкія выбары. Я ўжо заходнікам гэта сказаў. За прэзыдэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5% выбарцаў. Але гавораць, што гэта не эўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэта праўда было. І калі пачаць пералічваць бюлетэні, я ня ведаю, што зь імі рабіць увогуле".


Сакратар ЦВК Мікалай Лазавік цьвердзіць, што выбарчыя камісіі працавалі аб''ектыўна:

"З боку Цэнтральнай камісіі нейкіх крокаў, скіраваных на фальшаваньне выбараў, не рабілася. Іх і не патрэбна было рабіць, паколькі наша пазыцыя такая – выбарчы працэс павінен праходзіць у рамках заканадаўства. У цэлым выбары прайшлі зь мінімальнымі адхіленьнямі ад закона. Прычым, гэтыя адхіленьні былі ненаўмыснымі, гэта тэхнічныя памылкі. Я, як спэцыяліст у сфэры выбарных тэхналёгіяў, магу сказаць: выбарчыя камісіі за іх працу заслужылі адзнаку “выдатна”.


Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што дзень 19-га сакавіка і тыя падзеі, што адбыліся адразу пасьля выбараў, шмат што зьмянілі:

"Сапраўды, мы самі сабе паказалі, што мы ёсьць як народ, як грамадзтва, што ёсьць моладзь, якая хоча жыць у свабодзе. І гэта стала адкрыцьцём і для многіх з нас, і для тых, хто з намі супрацоўнічае. І, канечне, увесь гэты год было пытаньне: а ці ня зьнікне гэта, ці застанецца гэты дух Плошчы, ці людзі зноў не ўпадуць у апатыю? Я ежджу па краіне і хачу сказаць – не, людзі хочуць дзейнічаць! Нечакана зьявілася шмат новых людзей – студэнтаў, нават школьнікаў, прадпрымальнікаў. І таму я думаю, што гэты год – год аптымізму. Хаця ў пэўнай часткі ёсьць і расчараваньне, таму што дзейнасьці, можа, мала. Але ўсё ж надзеі стала больш – у тое, што перамены будуць. І будуць даволі хутка".
XS
SM
MD
LG