Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня моладзь правядзе першую вясновую акцыю


Любоў Лунёва, Менск Сёньня а 8-й вечара актывісты моладзевага дэмакратычнага руху ладзяць флэш-моб на Кастрычніцкім пляцы. Яны разьлічваюць, што ў акцыі, якая прысьвечана падзеям 19 сакавіка 2006 году, возьмуць удзел некалькі дзесяткаў чалавек.

Арганізатары флэш-мобу прапануюць удзельнікам акцыі прыйсьці на Кастрычніцкі пляц а 8-й вечара і пастаяць некалькі хвілінаў без сьцягоў і транспарантаў. Кіроўцам аўтамабіляў прапануюць сыгналіць на знак салідарнасьці з удзельнікамі акцыі і тымі людзьмі, якія год таму сабраліся на плошчы ў дзень галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Летась кіроўцам аўтамабіляў такія праявы салідарнасьці абыходзіліся ў 32 тысячы рублёў. Нягледзячы на тое, што супрацоўнікі ДАІ выпісвалі штрафы, аўтааматары не спынялі своеасаблівую акцыю.

Напярэдадні даты выбараў Барыса Гарэцкага прэвэнтыўна затрымалі. Міліцыянты даслалі на вучобу паперу аб тым, што хлопец займаецца апазыцыйнай дзейнасьцю і Барыса адлічылі з вучобы. Летась ён фігураваў у першай крымінальнай справе супраць “Маладога фронту”, а сёлета зьяўляецца падазраваным ва ўдзеле ў незарэгістраванай арганізацыі. Барыс Гарэцкі мае намер прыйсьці сёньня на плошчу:

Гарэцкі: “Cёньня праз год пасьля падзеі, якая зьмяніла найноўшую гісторыю Беларусі, мы чакаем, што беларусы зноў выйдуць туды, каб адзначыць гадавіну. Плянуецца, што машыны, якія будуць ехаць побач з Кастрычніцкай плошчай дадуць сыгнал і распачнуць акцыю. Сыгнал будзе несьці пасыл Беларусі, што час прачынацца, сыгнал усяму сьвету, што Беларусь жыве і сыгнал рэжыму, што гэта для яго апошні званок”.

Маладафронтавец Аляксей Янушэўскілічыць, што, нягледзячы на ўзмацненьне ціску на моладзевых актывістаў, акцыя не пацягне за сабой затрыманьняў і арыштаў.

Янушэўскі: “Флэш-моб будзе адбывацца літаральна цягам некалькіх хвілінаў і трэба заўважыць, што там ня будзе ні сьцягоў, ні лёзунгаў. Мы лічым, што ня будзе ніякіх наступстваў адміністрацыйнага характару, бо ня будзе падставаў складаць пратакол”.

Арганізатары флэш-мобу разьлічваюць на тое, што, паводле новага Адміністрацыйнага кодэксу аб правапарушэньнях, міліцыянты ня змогуць абвінаваціць іх ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве, а абвінаваціць адразу некалькі дзесяткаў чалавек у тым, што яны адначасова спраўлялі натуральную патрэбу ці ўжывалі лаянку, таксама будзе немагчыма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG