Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дрэздэне пачынаецца тыдзень салідарнасьці зь Беларусьсю


Радыё Свабода. Імпрэзы адкрыюцца фільмам Юрыя Хашчавацкага “Плошча” і студэнцкім лялечным спэктаклем для дарослых “Гісторыя пра Лукаса Шэнкера, які хоча стаць кракадзілам”.

Арганізатар тыдня – культурніцкае аб’яднаньне "KulturAktiv". Адзін зь ягоных актывістаў, дрэздэнскі студэнт Мірка Зюнэвальд паведаміў, што ў рамках тыдня таксама адбудзецца літаратурная імпрэза з удзелам Артура Клінава – аўтара перакладзенай на нямецкую мову кнігі “Менск – горад CОНца”, а таксама палітычныя і культурніцкія дыскусіі пра Беларусь.

Мірка Зюнэвальд – ня толькі арганізатар імпрэзаў, але таксама і адзін з аўтараў і выканаўцаў лялечных спэктакляў пра хлопчыка Лукаса Шэнкера. Гэта стыль папулярнага сярод немцаў палітычнага кабарэ. У спэктаклі шмат гумару, сатыры, палітычных паралеляў.

Мірка Зюнэвальд: “Вясковы хлопчык Лукас Шэнкер, які вельмі хоча стаць кракадзілам, ёсьць нашым галоўным героем. Акрамя яго ёсьць яшчэ бабуля, вясёлы сабачка і Пуцін. Наша гісторыя ня мае строгага сюжэту, гэта заўсёды імправізацыя. Нязьменна адно: вясковаму хлопчыку, дарэчы, вельмі падобнаму на аднаго дзядзьку, катэгарычна не падабаецца ягонае жыцьцё і яму пастаянна хочацца ператварыцца ў кракадзіла. Кожны раз ажыцьцяўленьню ягонай мары штосьці перашкаджае. Што адбудзецца сёньня ў часе спэктаклю – мы пакуль ня ведаем. Мы ведаем толькі, што Пуцін хоча застацца Пуціным, хоча трымаць Лукаса на павадку і ня хоча, каб той стаў кракадзілам”.

Сёньня ў Дрэздэне, як і па ўсёй Нямеччыне, пачалася акцыя ў падтрымку беларускага палітвязьня Зьмітра Дашкевіча. Яе арганізатары – актывісты мясцовых філіяў Міжнароднай амністыі, заклікалі суайчыньнікаў цягам бліжэйшых дзён накіроўваць на рахунак беларускай амбасады ў Бэрліне па аднаму эўрацэнту з паметкай “Свабоду Дашкевічу!”. Такім чынам удзельнікі акцыі зьбіраюцца нагадаць беларускім чыноўнікам пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.

Гл.таксама • Беларускія акцыі “КультурАктыву”(фота)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG