Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Роўна год таму ў Беларусі адбыліся прэзыдэнцкія выбары


Іна Студзінская, Менск Увечары 19 сакавіка тысячы людзей сабраліся на Кастрычніцкім пляцы Менску. Што натхніла людзей выйсьці тады ў халоднае і сьнежнае надвор’е на плошчу?

Адзін са стваральнікаў сайту "Studenty.by" Юры Сідун кажа, што з розным настроем народ прыйшоў тады на Кастрычніцкую плошчу, хтосьці з расчараваньнем, хтосьці з надзеяй:

"Вельмі хацелася бачыць і удзельнічаць у гісторыі, таму што тады сапраўды адбывалася гісторыя. У пэўныя хвіліны, калі народ пачаў сыходзіцца, падавалася, што плошча была запоўненая цалкам. І быў такі вельмі сьвяточны настрой, нейкае адчуваньне перамогі: што вось яна адбылася. Хаця, безумоўна, гэта быў такі душэўны парыў, жаданьне верыць у тое, што магчыма яшчэ не дасягнутае, але гэтыя незабыўныя імгненьні застануцца ў памяці надоўга. Яны даюць натхненьне верыць ў тое, што так і будзе".


У фотамастака Георгія Ліхтаровіча, які выйшаў увечары 19 сакавіка на Кастрычніцкую плошчу разам з жонкай, быў вялікі спадзеў на тое, што нарэшце штосьці адбудзецца, а ня усё скончыцца, як заўжды:

"І першы дзень, напэўна, нават даў станоўчыя надзеі, што назаўтра прыйдзе яшчэ больш народу. Але... але... але... Усё скончылася амаль як заўжды: народу паменшала. А ў гэтым, напэўна, вінаватыя нашы палітыкі, якія, на вялікі жаль, не дамовіліся паміж сабой, якія, на вялікі жаль, сказалі народу, што мы сюды прыйшлі, каб паказаць, што мы законапаслухмяны люд, і ня больш за тое. І нейкая разгубленасьць, якая была ў палітыкаў, яна паціху перадавалася і народу. І толькі дзякуючы моладзі, непартыйнай зусім, і пратрымалася гэта плошча некалькі дзён".


Сьвятлана Сугака, адміністратар "Свабоднага тэатру", якая пасьля разгону намётавага лягеру адседзела 10 сутак, і цяпер застаецца аптымісткай:

"Выйшла на плошчу, таму што трэба было штосьці рабіць. І цяпер трэба штосьці рабіць. І выходзілі сьвядомыя беларусы, і я адчула, што нас шмат. І самы першы дзень вельмі моцны, ня ведаю як на усіх астатніх, але на мяне ён паўплываў вельмі моцна. Я тады зразумела, што перамога за намі. Таму выходзіла і ва ўсе астатнія дні, пакуль мяне не забралі. А цяпер... Ведаеце, ня гледзячы на тое, што ў мінулым годзе улада не зьмянілася, я упэўненая, што гэта адбудзецца ў бліжэйшы час. Мне здаецца, самае галоўнае – гэта верыць у перамогу".


Гл.таксама • А.Лукашук: “Сёньня на Кастрычніцкай плошчы – дух Быкава” • На Кастрычніцкай плошчы ідзе шматтысячны мітынг (фота) • Жывыя галасы Кастрычніцкай плошчы (частка 1) • Жывыя галасы Кастрычніцкай плошчы (частка 2) • "Мы прыйшлі на Кастрычніцкі пляц бараніць будучыню сваіх дзяцей"
XS
SM
MD
LG