Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыса Хамайду зноў затрымалі ля “Сіняга дому”


Радыё Свабода Распаўсюдніка недзяржаўнае прэсы завезьлі ў Чыгуначны райаддзел Віцебску, дзе перапісалі колькасьць усіх друкаваных выданьняў, якія пры ім былі.

Паводле спадара Хамайды, апоўдні каля так званага "Сіняга дому" – дому №28 па вуліцы Леніна, дзе зазвычай стаіць распаўсюднік, зьявіліся міліцыянты й супрацоўнікі АМАПу. Яны сказалі, што затрымліваюць распаўсюдніка за гандаль у неналежным месцы. Затрыманьне здымаў на відэакамеру міліцэйскі апэратар.

У пастарунку міліцыянты перагледзелі паасобнікі "Витебского курьера", "Народнай волі", бюлетэня "Свабода", часопісы "ARCHE", а потым загадалі спадару Хамайду даць пісьмовае тлумачэньне пра тое, што ён рабіў ды мае зрабіць з гэтай друкаванай прадукцыяй. Асобна папрасілі ўдакладніць, дзеля якіх мэтаў распаўсюднік меў пры сабе тры бел-чырвон-белых сьцяжка і колькі значкоў з надпісам "Радзіма! Свабода!"

Барыса Хамайду адпусьцілі з пастарунку праз тры гадзіны, так і не склаўшы пратаколу пра правапарушэньне. Аднак напрыканцы міліцыянты папярэдзілі, што будуць вывучаць акалічнасьці затрыманьня, каб потым вырашыць – ці перадаваць справу ў суд, ці не.
XS
SM
MD
LG