Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox-populi: што б вы зьмянілі ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?


Галіна Абакунчык, Менск Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь за трынаццаць гадоў дзейнасьці, ад сакавіка 1994 году, двойчы была перагледжаная. Папраўкі ў Асноўны закон краіны былі зробленыя ў 1994 і 2006 гадах. Што б вы прапанавалі зьмяніць у Канстытуцыі, што ў ёй вас не задавальняе? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

Спадар: “Зьмены ў Канстытуцыі? Я лічу, што нельга яе чапаць. Гэта Асноўны закон, і падладжваць яго пад кожную надзённую патрэбу нельга. Канстытуцыя – гэта аснова, фундамэнт, краевугольны камень”.

Спадарыня: “Каб падумаць, а так адразу цяжка сказаць”.

Спадар: “Ну, яна мне не замінае выконваць нейкія грамадзянскія правы, не адчуваю, каб нешта абмяжоўвала маю свабоду. Я не скажу, што я арыентуюся ў Канстытуцыі выдатна, бо я не спэцыяліст, але, як для грамадзяніна, канстутыцыйныя гарантыі – яны неаспрэчныя”.

Карэспандэнтка: “Ці хацелі б Вы нешта зьмяніць?”

Спадарыня: “Вы разумееце, мне праз тры месяцы на пэнсію, і мне ўжо ўсё “па-барабану”. Маё жыцьцё прайшло ў гэтым грамадзтве, якое мне амаль нічога не дало”.

Юнак: “Я ня вельмі добра знаёмы са зьместам усёй Канстытуцыі, але мне не падабаецца, канечне, што было зьменена пасьля апошняга рэфэрэндуму. А таксама адмена нацыянальнай сымболікі”.

Спадарыня: “Я лічу, што ўсё бессэнсоўна. Нібыта, у Канстытуцыі напісана ўсё правільна, усё для народа. Гучыць хораша, але хацелася б, каб бліжэй да людзей усё гэта было”.

Юнак: “Каб я быў добра азнаёмлены... А так... У мяне нават няма кніжкі такой – Канстытуцыя”.

Спадарыня: “Я б хацела зьмяніць Канстытуцыю ў той частцы, каб у нас усё ж-такі прэзыдэнт выбіраўся гэтаксама, як у Расеі, іншых дэмакратычных краінах. На два тэрміны, ня больш, ягонага кіраваньня”.

Карэспандэнтка: “Ці хацелі б Вы нешта зьмяніць у Канстытуцыі?”

Юнак: “А як Вы думаеце? Там ёсьць рэчы, якія вельмі выгадныя толькі аднаму чалавеку. Мне не падабаецца, што гэтаму чалавеку дазволілі неабмежаваную колькасьць разоў выбірацца на высокую пасаду”.

Юначка: “Праблема ў тым што ў Канстытуцыі напісанае адно, а насамрэч адбываецца абсалютна іншае. Хаця б тое, што адбываецца, адпавядала напісанаму. Бо там прапісаныя рэальныя правы і свабоды, якія павінныя быць у эўрапейскай краіне. А ў выніку мы атрымоўваем банальную дыктатуру”.

Юнак: “На мінулым рэфэрэндуме, па-сутнасьці, у нас пыталіся пра адно, а вынік стаўся абсалютна іншым. Нас пыталі, ці хочам мы, каб наш вялікі і магутны абіраўся на трэці тэрмін. Але зараз у Канстытуцыі запісана, што прэзыдэнт можа заставацца колькі захоча тэрмінаў, па сутнасьці”.
XS
SM
MD
LG