Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У новым артыкуле М.Статкевіч аналізуе дзеяньні ўлады і крытыкуе апазыцыю


Алег Грузьдзіловіч, Менск Мікалай Статкевіч падрыхтаваў да друку артыкул з крытыкай некаторых лідэраў апазыцыі. Чаму Паўла Севярынца на “хіміі” дадаткова ізалявалі на 5 гадзінаў? Як паводзілі сябе сьледчыя КДБ падчас допыту маладзёвага актывіста Артура Фінькевіча? За што зноў пакаралі Зьмітра Дашкевіча? Аляксандр Казулін кажа, што вакол яго адміністрацыя калёніі “стварыла вакуўм”...

Лідэр беларускіх сацыял-дэмакратаў Мікалай Статкевіч, які адбывае “хімію” ў Пухавіцкім раёне Менскай вобласьці, напісаў артыкул з аналізам палітычнага становішча ў краіне. Мікалай Статкевіч кажа, што ў ягоным артыкуле аналізуюцца дзеяньні ня толькі ўлады, але і апазыцыі, прычым на яе бок таксама выказана шмат крытыкі. Хутка артыкул зьявіцца ў друку, але час і месца аўтар пакуль не называе. Цікава было даведацца, як пісаўся гэты артыкул? Аказваецца, тэкст Статкевіч набіраў на кішэнным кампутары, які яму падараваў брат з Украіны.

“Набіраў я артыкул на камунікатары. Гэта прыстасаваньне – нешта сярэдняе паміж кампутарам і мабільным тэлефонам, велічынёй з далонь, з маленечкім экранам. Хоць і цяжка набіраць, але вельмі зручна таму, што я трымаю яго заўсёды з сабой, і калі здараецца нейкі перапынак на працы, то набіраю тэкст ці выходжу ў інтэрнэт і сачу за навінамі”.

Нагадаю, Мікалаю Статкевічу з двухгадовага тэрміну засталося адбыць на “хіміі” яшчэ 6 месяцаў.

А вось лідэр Маладога фронта Зьміцер Дашкевіч толькі адбыў са свайго тэрміну паўгода – яшчэ юнаку “сядзець” у калёніі год. Да нядаўняга часу былі спадзяваньні, што Зьмітра паводле амністыі могуць выпусьціць на волю датэрмінова, але такіх спадзяваньняў усё меней – на гэтым тыдні стала вядома, што на Дашкевіча наклалі чацьвёртае спагнаньне за парушэньне дысцыпліны. Нібыта чытаў пасьля адбою. Між тым, наяўнасьць такой колькасьці парушэньняў ставіць пад пытаньне датэрміновае вызваленьне.

Да Паўла Севярынца, які адбывае “хімію” ў Полацкім раёне на лесанарыхтоўках, у мінулы чацьвер нечакана прыехалі міліцыянты і адвезьлі актывіста ў камэндатуру. Пратрымалі пад аховай 5 гадзін і зноў прывезьлі на працоўнае месца. Навошта гэта было зроблена – не тлумачылі. Бацька актывіста журналіст Канстанцін Севярынец мае сваю вэрсію:

К.Севярынец: “Тады ў Полацку была амбасадар ЗША. Відаць, каб раптам не адбылася яе сустрэча з Паўлам, яго адвезьлі ў інтэрнат і трымалі ў пакоі 5 гадзінаў”.


“Тады ў Полацку была амбасадар ЗША. Відаць, каб раптам не адбылася яе сустрэча з Паўлам, яго адвезьлі ў інтэрнат і трымалі ў пакоі 5 гадзінаў. Ніякіх допытаў, ніякіх размоў не было. Проста чакалі нечага. Зьвязваю гэта толькі з гэтай паездкай, больш ні з чым”.

Маладзёвы актывіст Артур Фінькевіч быў дапытаны сьледчымі з КДБ як сьведка ў справе супроць іншых актывістаў “Маладога фронту”. “Распытвалі пра “Малады фронт”, але дакладна пра што пыталіся, сказаць не магу, бо даў падпіску пра неразгалошаньне”, – сказаў Артур. Адносна паводзінаў сьледчых юнак заўважыў:

“Звычайны стыль паводзінаў камітэтчыкаў. Яны могуць задаваць адно і тое ж пытаньне 30 разоў, але па-рознаму, і чакаць, што ты нейкае лішняе слова скажаш”.

Ужо некалькі актывістаў Маладога фронту прыцягнутыя да адказнасьці за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі. Днямі такое абвінавачаньне было вылучанае актывісту Барысу Гарэцкаму.

З Аляксандрам Казуліным у калёніі сустрэўся адвакат Ігар Рынкевіч. Палітык заявіў адвакату, што адміністрацыя калёніі прыняла захады для абмежаваньня ягоных кантактаў з іншымі вязьнямі.

Рынкевіч: “Сытуацыя зьнешне быццам нармальная, але ўсіх вязьняў, якія зь ім кантактавалі, перавялі ў іншыя калёніі. Казулін кажа, што вакол яго стварылі вакуўм”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG