Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канец цытаты: 10.03.2007- 16.03.2007


Радыё Свабода, Прага Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.

“Гэтым указам улады адкідаюць наша эканамічнае жыцьцё на ўзровень 1987 году, калі ЦК КПСС прыняў пастанову аб індывідуальнай працоўнай дзейнасьці. У прадпрымальнікаў ёсьць толькі адзін шлях: змагацца за адмену гэтага ўказу, бо палепшыць яго немагчыма”.

Леў Марголін, прадпрымальнік – пра ўказ прэзыдэнта, які дазваляе дробным прадпрымальнікам браць наёмнымі работнікамі толькі сваякоў.

“Мы спадзяемся зусім хутка падпісаць пагадненьне зь Беларусьсю аб стварэньні адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА”.

Уладзімер Міхайлаў, галоўнакамандуючы Ваенна-паветраных сілаў Расеі.

“Яна пачала тлумачыць, што на гэтым усё — маўляў, жыцьцё ўжо ў прынцыпе скончана. Казала, што мяне чакае толькі турма і сумота, і калі я буду займацца палітычнай справай, то я ніколі не пабачу жаночага шчасьця. На што я ўсьміхнулася, бо часу не было, празьвінеў званок”.

Наста Палажанка , моладзевая актывістка – пра размову з псыхолягам пасьля допыту следчым пракуратуры.

“У мяне вісяць паштоўкі, у мяне вісяць партрэты некаторых палітвязьняў, вісіць рэкляма адной газэты ў колерах нацыянальнага сьцягу. Калі ў чарговы раз ад мяне патрабавалі гэта зьняць, я адказаў: калі вам трэба, самі і здымайце, але я вас потым з-за гэтага праслаўлю. Ці абвяшчайце мне спагнаньне. І яны адчапіліся. Немагчыма запалохаць чалавека, якому няма чаго баяцца. Хай яны баяцца, ім ёсьць чаго”.

Мікола Статкевіч, сацыял-дэмакратычны палітык, які адбывае пакараньне абмежаваньнем волі – пра ўмовы ягонага ўтрыманьня.

“З 100 мільёнаў тон, якія праходзяць праз і ў Беларусь, мы мяркуем, што на 50 мільёнаў трэба нафтавікам прапанаваць іншы маршрут”.

Сямён Вайншток, кіраўнік расейскай кампаніі “Транснафта”.

“Горш стала. Але выходзім на іншыя рынкі. Не Расеяй адзінай... У Казахстан стараемся, Кіргізію, Абхазію... З Іранам вядзем перамовы. Туды, на Ўсход...”

Аляксандар Наркевіч, начальнік аддзелу маркетынгу і збыту Гарадзейскага цукровага камбінату – пра становішча прадпрыемства ў новай сытуацыі на рынку цукру.

“На працягу двух месяцаў 2007 году адзіны чалавек, які разьюшана пратэставаў супраць пагаршэньня жыцьця, падвышэньня коштаў на энэрганосьбіты – гэта быў Лукашэнка”.

Уладзімер Падгол, палітоляг – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Гэта не нэалібэральная мадэль дзяржавы, у якой “няма рук”, якая ня можа нічога даць. У гэтай дзяржава рукі ёсьць, і яны робяць усё. І павінны рабіць усё”.

Аляксей Пікулік, палітоляг – у перадачы «Праскі акцэнт».

“Калі гэта ня здарыцца сёньня ці заўтра, мы, паводле беларускай завядзёнкі, пачынаем верыць у тое, што гэта ня здарыцца ніколі”.

Віталь Сіліцкі, палітоляг – у перадачы “Праскі акцэнт”.

“Я быў у міністэрстве, мне паказвалі й гаварылі, што прапануюць розныя рэвізоры “зьверху”. Па-першае, нават выключыць з праграмы п’есу “Тутэйшыя” Янкі Купалы — вось такі падарунак да юбілею Янкі Купалы і Якуба Коласа. Выключыць аповесьць Васіля Быкава “Аблава”, усю паэзію Рыгора Барадуліна. Такога ніколі не было, нават у савецкі пэрыяд. Як гэта так, каб народныя пісьменьнікі, іхныя творы разыходзіліся з ідэалёгіяй дзяржавы? Значыць, дзяржава неяк ня так складзеная”.

Алесь Лозка, старшыня Таварыства беларускай школы – пра праекты новых падручнікаў па беларускай літаратуры.

“Проста прыйшлі да нас у школу й зьнялі з заняткаў, павялі, як нейкіх крымінальнікаў. Наша завуч кажа: ну куды вы ўжо ўлезьлі, крымінальнікі вы гэткія. Ніколі ў нас не было праблемаў зь міліцыяй, а тым больш з КДБ. І тут цяпер прыйшлі, зьнялі з заняткаў, як мы быццам якіясьці ворагі народу”.

Жлобінскі школьнік – пра допыты ў КДБ.

“Мы дынамічна разьвіваемся як прававая дзяржава. ЗША спатрэбіліся 150—200 гадоў, каб іх канстытуцыйныя нормы сапраўды адпавядалі ўсім стандартам, уключна з удзелам жанчын у выбарах, раўнапраўю паводле колеру скуры і гэтак далей. Мы ў гэтым сэнсе разьвіваемся сямімільнымі крокамі”.

Рыгор Васілевіч, старшыня Канстытуцыйнага Суду – з выступу ў дзень Канстытуцыі.

“Мы і надалей зьбіраемся падтрымліваць апазыцыю. Мы будзем назіраць за рэакцыяй Лукашэнкі, за тым, як самымі бліжэйшымі днямі будуць разьвівацца падзеі. Гэта будуць асьвятляць нашы мэдыі. Мы за адкрытасьць у дачыненьнях. І гэта тое, чаго ён, Лукашэнка, баіцца”.

Рональд Пофала, генэральны сакратар ХДС Нямеччыны.

"Злучаныя Штаты Амэрыкі ня маюць ані маральнага, ані палітычнага права на падрыхтоўку справаздачаў аб парушэньнях правоў чалавека ў сьвеце".

Андрэй Папоў, прэсавы сакаратар МЗС Беларусі – пра штогадовы даклад дзярждэпартамэнту ЗША аб становішчы з правамі чалавека ў сьвеце.

“Я лічу сэмінар неабходным, таму што ў дачыненьнях паміж краінамі й арганізацыямі ня ўсё адбываецца адразу”.

Ута Цапф, кіраўнічка працоўнай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ – пра сэмінар у Менску з удзелам прадстаўнікоў беларускай улады.

«Я ведаю, што пасьля ад’езду Уты Цапф Вячорку і Сіўчыка пасадзяць у турму, зьявяцца іншыя палітвязьні, і гэта будзе вынікам працы Уты Цапф і яе групы”.

Андрэй Саньнікаў, міжнародны каардынатар грамадзянскай ініцыятывы “Хартыя-97” – пра сэмінар, наладжаны рабочай групай па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ.

“І тое, што арыштавалі, і тое, што нечакана выпусьцілі, я зьвязваю зь цьмянасьцю ў галовах цяперашніх уладных людзей, у іх няма яснай канцэпцыі, што рабіць, і, магчыма, грызуцца паміж сабой розныя групоўкі. Адны лічаць, што трэба душыць і лупіць, як і заўсёды. Другія мяркуюць, што трэба хаця б жэсты нейкія рабіць у кірунку Эўропы, таму што будзе зусім кепска".

Вінцук Вячорка, старшыня Партыі БНФ – пра свой арышт і нечанае вызваленьне.

“Беларусь ня мае патрэбы ў адвакаце, але мы як суседзі зацікаўленыя ў тым, каб вярнуць Беларусь да дыялёгу з Эўропай”.

Віктар Юшчанка, прэзыдэнт Украіны – з выступу ў дацкім парлямэнце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG