Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<B>Адбыліся затрыманьні маладафронтаўцаў (абноўлены)</B>


Любоў Лунёва, Менск У пятніцу ўвечары актывістаў незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” на вуліцах Менску затрымлівалі супрацоўнікі КДБ і міліцыі ў цывільным. Яны рабілі дагляд асабістых рэчаў, цікавіліся тым, што знаходзіцца ў сумках і заплечніках.

Пяць чалавек міліцыянты затрымалі на Кастрычніцкай плошчы. Яшчэ чатырох – на праспэкце Незалежнасьці каля плошчы Якуба Коласа.

Валера Мацкевіча, Барыса Гарэцкага і двух іх паплечнікаў затрымалі каля дому, дзе месьціцца офіс Камітэту абароны палітрэпрэсаваных і дапамогі іх сем’ям. У хлопцаў праверылі сумкі. Пасьля прагляду рэчаў усіх адпусьцілі.

Маладафронтаўцы лічаць, што затрыманьні робяцца з мэтай не дапусьціць вывешваньня расьцяжак і расклейкі партрэтаў зьніклых і палітвязьняў у Дзень салідарнасьці. Апроч таго, яны не выключаюць, што спэцслужбы шукаюць інфармацыйныя ўлёткі пра заплянаваную апазыцыйнымі сіламі вулічную акцыю 25 сакавіка.

Тым часам каля дому, дзе знаходзіцца офіс Аляксандра Мілінкевіча знаходзіліся людзі ў цывільным. Офіс зачынены, а Аляксандар Мілінкевіч знаходзіцца ў Горадні.

Таксама ў пятніцу ўвечары тры гадзіны доўжыўся ператрус ў офісе грамадзкай арганізацыі “Бацькаўшчына”. Яны забралі больш за 1000 асобнікаў кніжак Зьмітра Касмовіча, Юр’я Туронка і Юркі Віцьбіча.

У офісе ў часе ператрусу прысутнічала намесьніца старшыні грамадзкага аб’яднаньня Ніна Шыдлоўская. Яна выказала Радыё Свабода сваё меркаваньне, што супрацоўнікі КДБ шукалі інфармацыйныя ўлёткі, якія распаўсюджваюцца ў Менску і рэгіёнах напярэдадні акцыі 25 сакавіка.
XS
SM
MD
LG