Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Нацыянальнай опэры – прэм’ера “Кававай кантаты” Баха


Юлія Шарова, Менск Сёньня ў Беларускай нацыянальнай опэры прэм’ера – у тэатры паставілі “Кававую кантату” Ёгана Сэбаст’яна Баха. Апроч гэтага, салісты опэры падрыхтавалі канцэрт “Пэрліны барокавай музыкі”. Канцэрт складаецца з вакальных твораў эўрапейскіх кампазытараў 17-18 стагодзьдзяў – раней у рэпэртуары тэатру такіх пастановак не было.

Канцэрт “Пэрліны барокавай музыкі” рыхтаваў дэбютант – дырыжор Андрэй Іваноў, які пакуль толькі стажыруецца ў тэатры опэры. Ён лічыць гэта цікавым досьведам як для сябе, гэтак і для салістаў, якія раней сьпявалі пераважна Вэрдзі альбо Чайкоўскага. Аднак манера, у якой усе нумары канцэрту прасьпяваныя ды сыграныя, наўрад ці вельмі падобная да моднага ў Эўропе аўтэнтызму.

Разважае Андрэй Іваноў: “Нашае выкананьне, канечне ж, аўтэнтычным назваць нельга. Але мы пастараліся максымальна наблізіць наш спосаб выняцьця гуку й разуменьне штрыхоў да барокавай манеры. Мы стараліся зусім адмовіцца ад вібрацыі – за кошт гэтага, канечне ж, сучасны аркестар гучыць ня так яскрава, як мы прызвычаіліся яго чуць”.

“Кававая кантата” Ёгана Сэбаст’яна Баха – твор не тэатральны. Гэта гумарыстычнае музычнае сачыненьне. Кава ў часы Баха толькі ўваходзіла ў моду ды ня ўсім такая мода падабалася. Гэтая мода закранула й маладую паненку Лізхен, дачку спадара Шлендрыяна. Бацька адгаворвае дачку ад новага захапленьня й нават пагражае ня выдаць яе замуж, калі Лізхен не адмовіцца ад кавы.

Урывак з “Кававай кантаты” Баха гучыць у выкананьні салісткі Беларускай опэры Алены Бундзелевай.

Дырыжор-пастаноўшчык “Кававай кантаты” Баха Алег Лясун разбавіў гэты невялікі твор музычнымі ўстаўкамі з папулярных твораў кампазытара. Ад экспэрымэнтаў з аўтэнтычным гучаньнем ён адмовіўся: вібруючы гук у струнных, вакальная манера -- таксама зусім не барокавыя. Алег Лясун лічыць, што аўтэнтычная манера выкананьня старадаўняй музыкі выпрацоўваецца не за адзін месяц ці нават год: “Паколькі ў нас “Кававая кантата” ідзе зь перакладам, мы не бярэм нямецкі тэкст, а для публікі робім расейскі пераклад, дык, натуральна, атрымліваецца, што ў нас манера болей набліжаная да сучаснага гучаньня. Хаця мы ўсё ж стараліся наблізіцца да стылю”.

Мастачка Кацярына Булгакава, якая аздабляла спэктакль, вырашыла пагуляць з колерамі. Яна кажа: “Калі гэта “Кававая кантата”, дык і трэба было вытрымаць яе ў такой карычневата-кававай гаме. Усё адно героі п’юць каву й нягледзячы на тое, што тата супраць таго, што дачка п’е каву, ён таксама апрануты ў той жа колеравай гаме”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG