Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераход на летні час: чаму, як і калі


Юры Дракахруст, Прага У наступную нядзелю – 25 сакавіка ў Беларусі і іншых эўрапейскіх краінах адбудзецца пераход на летні час, у 2.00 уначы, час будзе пераведзены на гадзіну наперад. А ў Злучаных Штатах і Канадзе пераход ужо адбыўся, там гадзіньнікі перавялі ў мінулую нядзелю.

Сэнс пераводу гадзіньнікаў надзвычай просты – максымальна сумясьціць працоўны час са сьветлым часам сутак. Адным зь першых ідэю пераводу гадзіньнікаў для эканоміі энэргіі выказаў знакаміты амэрыканскі навуковец і дзяржаўны дзяяч Бэнджамін Франклін яшчэ у XVIII стагодзьдзі. І хаця ў рэшце рэшт Франклін патрапіў нават на купюру ў 100 даляраў, тады да ягонай прапановы не прыслухаліся.

Упершыню ў сьвеце пераход на летні час адбыўся у Вялікай Брытаніі ў 1908 годзе. Злучаныя Штаты пачалі пераводзіць гадзіньнікі ў 1917 годзе, падчас Першай сусьветнай вайны. Матыў эканоміі энэргіі, патрэбнай для вайны, і быў тады галоўным у рашэньні амэрыканскага ўраду. У Расеі першы раз пераход на летні час адбыўся ў ліпені 1917 году. У СССР адпаведны пераход праводзіўся да 1930 году, потым ён быў скасаваны і адноўлены толькі праз паўстагодьдзя – у 1981 годзе. З таго часу і дагэтуль ён дзейнічае і ў Беларусі.

Краіны Эўразьвязу, а таксама Беларусь, Расея і іншыя краіны СНД пераводзяць гадзіньнікі на гадзіну наперад у апошнюю нядзелю сакавіка і на гадзіну назад – у апошнюю нядзелю кастрычніка. У Злучаных Штатах і Канадзе апошнія 30 гадоў тэрміны былі іншыя: на гадзіну наперад гадзіньнікі пераводзілі пазьней, чым у Эўропе – у першую нядзелю красавіка.

Сёлета тэрміны былі зьмененыя – “летні час” у ЗША наступіў 11 сакавіка, раней, чым у Эўропе. Прыхільнікі гэтай меры спасылаюцца на досьвед 1974 году, калі Амэрыка пераходзіла на “летні час” у сакавіку і паводле падлікаў міністэрства энэргетыкі краіна тады з’эканоміла за сакавік-красавік 1% энэргетычных рэсурсаў. Сёлета праз 9 месяцаў міністэрства энэргетыкі ЗША падасьць ва ўрад справаздачу, наколькі эфэктыўным будзе сёлетні раньні пераход на “летні час”.

Чым бліжэй краіна разьмешчана на палюсоў зямной кулі, тым болей сэнсу мае зьмена часу, бо працягласьць сьветлага часу сутак істотна адрозьніваецца ў залежнасьці ад пары году, уласна на палюсах зімой пануе палярная ноч, летам – палярны дзень. У той жа час краіны, якія разьмешчаныя каля экватара, час не пераводзяць, бо там гэта ня мае сэнсу.

Варта адзначыць, што ў некаторых краінах у асобных рэгіёнах дзейнічаюць розныя парадкі пераводу часу. Скажам, у канадыйскай правінцыі Антарыё мясцовыя ўлады, ідучы насустрач патрабаваньням жыхароў, адмовіліся ад пераводу гадзіньнікаў. Таксама не пераходзяць на летні час амэрыканскія штаты Арызона і Гаваі. Арызона месьціцца на поўдні ЗША, а Гаваі наагул каля экватару, таму ў гэтых рэгіёнах перавод гадзіньнікаў не дае вялікай эканоміі паліва.
XS
SM
MD
LG