Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін зьвярнуўся з заклікам да А.Мілінкевіча


Алег Грузьдзіловіч, Менск Былы кандыдат на прэзыдэнта Аляксандар Казулін зьвярнуўся з калёніі да экс-кандыдата Аляксандра Мілінкевіча. Палітвязень заклікае ўзяць удзел у будучым Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Пра гэта стала вядома ад адваката Ігара Рынкевіча, які 16 сакавіка наведаў Аляксандра Казуліна ў віцебскай калёніі “Віцьба-3”.

Значная частка размовы Казуліна з адвакатам прысьвячалася сытуацыі ў апазыцыі: правядзеньню Кангрэсу дэмакратычных сілаў, удзелу ў ім Аляксандра Мілінкевіча.

“Ён зьвярнуўся да дэмакратычных сілаў з заклікам хутчэй правесьці кангрэс”, – паведаміў адвакат. Паводле Казуліна, нелегітымная прэзыдэнцкая ўлада зацікаўленая, каб дэмакратычныя сілы дзейнічалі адасоблена.

Асобна зьвярнуўся Аляксандар Казулін да Аляксандра Мілінкевіча, удзел якога ў кангрэсе лічыць неабходным, сказаў Ігар Рынкевіч.

“Ён кажа даслоўна наступнае: “Паважаны Аляксандар Уладзімеравіч! Мы з вамі разам прайшлі цяжкі шлях. На нас ляжыць адказнасьць перад гісторыяй і народам Беларусі. Я заклікаю вас падняцца над сытуацыяй і працягнуць руку сваім паплечнікам у барацьбе”, — пераказвае словы Казуліна ягоны адвакат.

Таксама Ігар Рынкевіч паведаміў пра ўмовы, у якіх цяпер адбывае пакараньне Аляксандар Казулін: палітыку абмежавалі магчымасьць для прагулак, шмат каго з сукамэрнікаў, якія зь ім кантактавалі, перавялі ў іншыя калёніі. “Вакол мяне стварылі вакуўм”, – перадае словы Казуліна ягоны адвакат.

Важыць Аляксандар Казулін 86 кіляграмаў, а да галадоўкі ў кастрычніку мінулага году важыў 95 кіляграмаў. “Выглядае Казулін ня лепшым чынам, але на здароўе ня скардзіцца”, – сказаў Ігар Рынкевіч.

Нагадаем, у канцы 2006 году ў калёніі Аляксандар Казулін трымаў палітычную галадоўку, якая цягнулася 53 дні. За гэты час ён схуднеў амаль на трыццаць кіляграмаў. Адным з вынікаў галадоўкі стала тое, што на Радзе бясьпекі ААН на прапанову прадстаўніка ЗША было ўзьнятае пытаньне пра парушэньне правоў чалавека ў Беларусі.

Аляксандар Казулін знаходзіцца ў зьняволеньні амаль год. Летась 25 сакавіка палітыка арыштавалі пасьля маршу да турмы на вуліцы Акрэсьціна, дзе трымалі абаронцаў намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы. Аляксандра Казуліна абвінавацілі ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў ды асудзілі на пяць з паловай гадоў зьняволеньня. Вінаватым сябе Аляксандар Казулін ніколі не лічыў. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала яго палітычным вязьнем.
XS
SM
MD
LG