Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПАРЭ: Беларусь зрабіла крок назад


Радыё Свабода Рэнэ ван дэр Ліндэн, прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, рэзка асудзіў апошнія арышты лідараў апазыцыі ў Беларусі.

Выступаючы ў Парыжы, прэзыдэнт ПАРЭ падкрэсьліў, што арышты зьяўляюцца тым больш непрымальнымі пасьля таго, як падчас ягонага візыту ў Менску сёлета ў студзені беларускія ўлады выявілі гатовасьць заняць больш канструктыўную пазыцыю ў дачыненьнях з Эўропай і прыступіць да пераменаў у палітычным клімаце краіны. Гэта крок назад, які можа перашкодзіць перагляду цяперашніх дачыненьняў з ПАРЭ, сказаў ван дэр Ліндэн.

Прэзыдэнт ПАРЭ заклікаў беларускія ўлады прыняць канкрэтныя захады ва ўсталяваньні поўнай павагі да дэмакратыі, правоў чалавека і ўлады закона. Ён таксама падкрэсьліў, што Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы будзе надалей уважліва сачыць за стаўленьнем да прадстаўнікоў апазыцыі – у тым ліку і выпушчаных часова, напярэдадні Дня Незалежнасьці Беларусі.

Рэнэ ван дэр Ліндэн таксама сказаў, што ён будзе абмяркоўваць праблему непасрэдна ў размове са старшынём беларускага парлямэнту.

Беларусь ня ўдзельнічае ў Радзе Эўропы. Бюро ПАРЭ прыпыніла статус беларускага парлямэнту як спэцыяльна запрошанага ў асамблеі 13 студзеня 1997 году.
XS
SM
MD
LG