Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Ута Цапф: “Мы спадзяемся на працяг дыялёгу”


Радыё Свабода Сустрэчай з кіраўнікамі акрэдытаваных у Беларусі дыпмісіяў краінаў Эўразьвязу завяршыла візыт у Менск кіраўніца рабочай групы ў справах Беларусі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ, дэпутатка Бундэстагу Ута Цапф.

Напярэдадні, як мы ўжо паведамлялі, пад старшынёўствам яе і намесьніка кіраўніка Палаты прадстаўнікоў Сяргея Забалотца прайшоў міжнародны сэмінар “Вывучэньне магчымасьцяў Беларусі ў рамках эўрапейскай стратэгіі суседзтва”.

Адказваючы на пытаньне Радыё Свабода пра вынікі візыту, спадарыня Цапф паведаміла:

“Я ня буду казаць пра вынікі. Гэта толькі пачатак дыялёгу, і мы яшчэ павінны ўбачыць, ці сапраўды гэта было так. Мы ня можам быць перакананыя, але мы спадзяемся на працяг дыялёгу. Мы дамовіліся працягнуць сэмінары, падобныя на ўчорашні. Але я ўпэўненая, што наступным разам гэта мерапрыемства будзе больш маштабным, чым тое, што адбылося ўчора”.

Спадарыня Цапф сёньня больш за гадзіну размаўляла зь лідэрамі палітычнай апазыцыі Беларусі. Былы кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Мілінкевіч гаворыць, што галоўнай на гэтай сустрэчы стала размова пра дыялёг уладаў і апазыцыі пад эгідай Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ:

“Ішла дыскусія пра тое, ці павінен дыялёг мець папярэднія ўмовы, ці ён можа пачынацца з нуля. Бо вядома, што супрацоўніцтва з Эўропай без выкананьня папярэдніх умоваў беларускім бокам не адбудзецца. А вось дыялёг — ці можна яго пачынаць з чыстага аркуша? Я асабіста за тое, каб перадумовы былі. Ну, хаця б мараторый на перасьлед, хаця б перапыніць той перасьлед моладзевых дэмакратычных актывістаў”.

Кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка сказаў, што найперш ён падзякаваў Уце Цапф за тое, што яна сваім прыездам вызваліла яго з турмы:

“Я пашкадаваў, што яна ня можа тут знаходзіцца альбо прыяжджаць часьцей, бо 23-га, падазраю, мяне хочуць усё ж пасадзіць, спадзеючыся, што яе тут ужо ня будзе. Я падкрэсьліў, што без удзелу аб’яднаных дэмакратычных сілаў ніякі дыялёг у прынцыпе немагчымы. Сэмінары ня ёсьць дыялёгам. І вельмі важна цяпер не дапусьціць падмены паняцьцяў”.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі, засяродзіў увагу на тым, што сэмінары маюць права на існаваньне, але яны ня могуць замяніць сапраўднага дыялёгу:

“Я перадаў спадарыні Цапф рашэньне Палітычнай рады аб’яднаных дэмакратычных сілаў адносна мажлівага дыялёгу, дзе вельмі выразна сказана, які гэта фармат і які парадак дня. Гэта наша кансалідаваная пазыцыя, і вельмі важна давесьці яе да міжнароднай супольнасьці.

Мы запыталіся, ці ёсьць верагоднасьць правядзеньня на летняй сэсіі Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ ў Кіеве рэзалюцыі пра Беларусь. Мы атрымалі станоўчы адказ ад Крыстыяна Ларэнцэна, які зьяўляецца дакладчыкам і рыхтуе адпаведны праект рэзалюцыі. Сэмінар ёсьць сэмінар, але ня трэба забывацца, што былі папярэднія рэзалюцыі, якія згадвалі і палітычных вязьняў, і газэты, якія друкуюцца за межамі Беларусі, і шмат чаго іншага. Іх жа нельга здаць у архіў. І дакладчык з гэтым пагадзіўся”.

На сустрэчы з Утай Цапф сацыёляг Андрэй Вардамацкі прывёў вынікі нядаўняга дасьледаваньня. Згодна зь імі толькі 19 працэнтаў жыхароў Беларусі ведаюць, што Эўразьвяз падрыхтаваў спэцыяльную праграму пад назвай “Што Эўрапейскі Зьвяз можа даць Беларусі?”.
XS
SM
MD
LG