Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначаюць Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі?


Радыё Свабода Сёньня актывісты моладзевага дэмакратычнага руху адзначаць Дзень салідарнасьці з палітвязьнямі й сем’ямі зьніклых кароткімі акцыямі ў Менску і рэгіёнах. За межамі краіны акцыі пачаліся ад 12-й раніцы.

У Менску сёньня ня будзе масавай вулічнай акцыі. Моладзевыя актывісты апасаюцца арыштаў, і таму вырашылі абмежавацца вывешваньнем расьцяжак з патрабаваньнем вызваліць палітвязьняў, а таксама расклейваньнем партрэтаў зьніклых і асуджаных за апазыцыйную дзейнасьць.

Старшыня камітэту абароны палітрэпрэсаваных і дапамогі іх сем’ям Іна Кулей заявіла “Свабодзе”, што гэты дзень абавязкова мусіць адзначацца:

“І звальненьне з працы, і пазбаўленьне магчымасьці вучыцца далей ва ўнівэрсытэтах альбо паступаць у магістратуры, асьпірантуры. Пад пытаньнем лёс тых людзей, якія былі абітурыентамі альбо будуць абітурыентамі — гэта вельмі шырокае кола людзей, зь якімі варта праяўляць салідарнасьць. Салідарнасьць па-беларуску, як я б яе назвала, гэта, канечне ж, перш за ўсё з тымі, каго мы называем палітвязьнямі, таму што ў іх самы цяжкі лёс і ім больш патрэбная падтрымка”.

Іна Кулей распавяла, што сёньня каля пяцідзесяці актыўных удзельнікаў вулічных акцыяў атрымалі дамовы з адвакатамі на абарону правоў у выніку затрыманьня. Яна лічыць гэта адной з праяваў салідарнасьці з рэпрэсаванымі.

Мікола Статкевіч, які адбывае пакараньне за арганізацыю вулічных дэманстрацыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму-2004, лічыць дэманстрацыю салідарнасьці надзвычай важнай:

“Усе кепскія рэчы ікнуцца рабіць употайкі, каб ніхто ня бачыў, таму калі гэтаму надаецца шырокі розгалас, гэта моцны стрымвальны фактар. Акрамя таго, калі людзі, якія паводле каманды судзяць нас, ахоўваюць у месцах абмежаваньня ці пазбаўленьня волі, калі гэтыя людзі даведваюцца і бачаць, што гэта ня проста нейкі там незразумелы апазыцыянэр, адносна якога далі каманду “шчаміць”, а гэта сапраўды чалавек, пра якога памятаюць, да якога ідуць лісты з усяго сьвету, то гэта цалкам мяняе паводзіны”.

Сёньня цягам шасьці гадзінаў на тэрыторыі Польшчы на памежным пераходзе зь Беларусьсю актывісты арганізацыі “Зьвяз на карысьць дэмакратыі ў Беларусі” раздавалі беларусам, якія вярталіся на радзіму, інфармацыйныя матэрыялы й дакумэнтальныя фільмы пра сытуацыю ў Беларусі.

Ва Ўкраіне, Латвіі, Літве, Эстоніі студэнты запалілі сьвечкі ля партрэтаў зьніклых і палітвязьняў насупраць будынкаў беларускай амбасады. Мінакі атрымалі інфармацыйныя ўлёткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG